Саюзнай дзяржаве – 21. Што мы атрымалі і што страцілі


З-за танных энерганосьбітаў (плюс) цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў беларуская эканоміка, практычна, не мадэрнізавалася (мінус).

2 красавіка 1997 года было падпісанае пагадненне аб Супольнасці Беларусі і Расеі. Далейшым крокам планавалася стварыць саюзную дзяржаву, дзе прэзідэнтам будзе Барыс Ельцын, які, здавалася, быў на мяжы адстаўкі. Пасля сыходу кіраўніком Саюзнай дзяржавы меў стаць Аляксандр Лукашэнка, які, да таго моманту, займаў бы пасаду віцэ-прэзідэнта. Але ў Расеі гэтаму супраціўляліся гэтак званыя маладыя рэфарматары, на чале з Анатолем Чубайсам і Барысам Нямцовым. Каб не дапусціць прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады ў Крамлі, яны пераканалі Ельцына выбраць аморфны варыянт Саюзнай дзяржавы – без адзінага ўраду.

«Не ў адным Чубайсе справа: там былі моцныя сілы – ельцынская кагорта, якая, так ці інакш, не дапусціла б Лукашэнку, – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Але факт, што ён распачаў гэтую гульню. Гульню амбіцыйную і разам з тым вельмі рызыкоўную для беларускага суверэнітэту».

Цяпер, калі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі – непараўнальна меншы за падтрыманне Уладзіміра Пуціна, ролі памяняліся. Цяпер Менск супраціўляецца занадта блізкай інтэграцыі, а Расея яе фарсіруе.

Высокай долі інтэграцыі Саюзная дзяржава дасягнула ў вайсковым плане, хаця камандаванне – усё яшчэ асобнае. У эканамічным плане Беларусь атрымала ад гэтага працэсу дзве рэчы. Па-першае – ільготныя кошты на расейскія нафту і газ – прыблізна ўдвая ніжэйшыя, чым для астатніх краінаў.

«Паводле нашых ацэнак, штогод Расея субсідуе бязвыплатна беларускую эканоміку на суму ад чатырох да шасці мільярдаў долараў. Штогод», – кажа былы віцэ-старшыня расейскай Думы Уладзімір Рыжкоў.

Апрача таго, дзякуючы адкрытай мяжы з Расеяй, Менск атрымаў магчымасць зарабляць на кантрабандных пастаўках у Расею тавараў, супраць якіх Крэмль уводзіць абмежаванні.

«Ёсць яшчэ адзін аспект, звязаны з пастаянным імкненнем нашых партнёраў па ЕАЭС стаць уваходнай брамай, ці, калі заўгодна, заднімі дзвярыма расейскага рынку, – заявіў міністр сельскай гаспадаркі РФ Аляксандр Ткачоў. – [Беларусь] за кароткі тэрмін стала найбуйнейшай перавалачнай базай санкцыйнай прадукцыі на тэрыторыю Расеі, заняўшы больш за 15 % імпартнага рынку Расеі, тады як у 2012 годзе доля такой прадукцыі з Беларусі не перавышала 1 %».

Але ж на думку беларускіх эканамістаў, страчаныя магчымасці нашай краіны, у сувязі з абраным курсам, каштавалі беларусам больш, чым тое, што было атрымана ў выглядзе датацыяў і прыбыткаў ад кантрабанды.

«Узаемадзеянне з Расеяй таксама прынесла шэраг упушчаных магчымасцяў, – лічыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб. – Менавіта з-за таго, што нам так танна і ў такіх абʼёмах даставаліся танныя энерганосьбіты, апошнія два дзесяцігоддзі беларуская эканоміка, практычна, не мадэрнізавалася. Не адкрываліся новыя вытворчасці. Не займаліся энергазберажэннем».

Міжнародны валютны фонд і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця адзінадушныя ў тым, што, пры правядзенні прапанаваных імі рэформаў, Беларусь, і без расейскіх датацыяў, вернецца да ўстойлівага развіцця – дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу, развітай інфраструктуры і, галоўнае – высокай працоўнай этыцы насельніцтва.

Улады, аднак, ад прапанаваных рэформаў адмаўляюцца, бо, каб яны далі эфект, іх неабходна суправаджаць зменамі ў сістэме палітычнага кіравання краінай.

Станіслаў Івашкевіч