«Саюз палякаў Беларусі застаецца дэмакратычнай арганізацыяй»


Новае старое кіраўніцтва неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі. У Горадні падчас 9-га зʼезду СПБ Анджэліку Борыс абралі новаю кіраўніцаю арганізацыі. За яе прагаласавалі 99 дэлегатаў. Цяперашні кіраўнік арганізацыі Мечыслаў Яскевіч набраў 85 галасоў.

АНДЖАЛІКА БОРЫС, НОВААБРАНАЯ СТАРШЫНЯ СПБ:

«Каб легалізаваць СПБ, патрэбная палітычная воля, каб змяніўся падыход, што гэта не палітычная партыя, а арганізацыя польскае меншасці».

43-охгадовая спадарыня Борыс ужо кіравала СПБ – у самы складаны час для арганізацыі: з 2005-га да 10-га года. Акурат у 2005-ым адбыўся падзел Саюзу палякаў у Беларусі на афіцыйны і неафіцыйны. Менавіта з неафіцыйным саюзам падтрымлівае дыялог Варшава. Сярод назіральнікаў на сённяшнім зʼездзе быў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

КОНРАД ПАЎЛІК, АМБАСАДАР ПОЛЬШЧЫ Ў БЕЛАРУСІ:

«Пазіцыя Варшавы застаецца нязменная: мы хочам легалізацыі Саюзу палякаў у Беларусі, хочам размаўляць таксама пра маёмасць, то бок пра Польскія дамы ў Беларусі».

Пасля расколу арганізацыі ў 2005-ым годзе ўлады забралі маёмасць СПБ і фактычна перадалі навастворанаму афіцыйнаму Саюзу палякаў. Ідзецца пра 16 Польскіх дамоў, а таксама польскія школы ў Горадні і Ваўкавыску. Неафіцыйны Саюз палякаў у сваю чаргу закранула хваля ціску. Цяпер з боку ўладаў усё больш настойліва гучаць прапановы абʼяднаць дзве арганізацыі. Паводле сябраў СПБ, менавіта Борыс мусіць узмацніць арганізацыю, у тым ліку падчас магчымага дыялогу ў справе легалізацыі арганізацыі. Абʼяднанне з афіцыйным саюзам на парадку дня СПБ не стаіць.

АНДРЭЙ ПІСАЛЬНІК, СЯБРА СПБ:

«Нягледзячы на падпольныя ўмовы працы, СПБ застаецца дэмакратычнай арганізацыяй».

АНДРЭЙ ПАЧОБУТ, СЯБРА СПБ:

«У часе дыялогу паміж Варшаваю ды Менскам ёсць магчымасць легалізацыі СПБ, і таму абралі Борыс, каб узмацніць пазіцыі арганізацыі».

Новая кіраўніца СПБ сярод іншага паабяцала актыўна абараняць інтарэсы польскае меншасці ў Беларусі праз польскія ды еўрапейскія інстытуцыі.

АН, «Белсат»