Саўгас пасеяў ураджай на балоце. Цяпер не можа сабраць


Кампанія для збору ўраджаю афіцыйна скончылася яшчэ 7-га лістапада.

Кукуруза беларуская, гатунак – снежная. Толькі вось пакаштаваць гэты цуд сельскае гаспадаркі паквапіцца не кожны.

«Сеюць у балота. Навошта вы сееце ў балота? Туды не праедзе нічога. Ой, я не ведаю», – абураецца Валянціна Масцешчанка, мясцовая жыхарка вёскі Кашалёва.

Непрыбраная кукуруза ў вёсцы Кашалёва на Гомельшчыне застаецца на палях плошчаю каля 5-ці гектараў уздоўж балаціны. Сюды не можа пад’ехаць уборачная тэхніка.

Ураджай давялося збіраць уручную

«Я не ведаю чаму яе там пасеялі. Так што скажу ў адкрытую, дурныя, што пасеялі», – кажа Мікалай Заўганаў, аднасяльчанін Валянціны.

Палі належаць Патапаўскаму саўгасу. Выканаўчая дырэктарка Ларыса Саянкова праблемы не бачыць і пераконвае, што дзеіць згодна з заканадаўствам.

«Мы нічога не парушаем», – пракаментавала праблему спадарыня Саянкова.

Але надвор’е не падпарадкоўваецца дырэктывам

Першы снег выпаў яшчэ напрыканцы кастрычніка, а ўначы па ўсёй краіне тэмпература апускаецца ніжэй за нуль. Зрэшты, праблемы не бачыць не толькі кіраўніца гаспадаркі. Тыдзень таму віцэ-прэмʼер Беларусі Міхаіл Русы ў інтэрвʼю «Еўрарадыё» заявіў, што «Кукуруза не зерне, прыбярэм. Увесь свет прыбірае. Кукуруза, калі і падмерзне, нармальная».

Мясцовыя жыхары з уладамі не дыскутуюць. Але не хаваюць крыўды за тое, што ім не дазваляюць збіраць безгаспадарны ўраджай на ўласныя патрэбы.

Журналісты «Белсату» не засталіся без пільнай увагі

За нашаю здымачнаю групай у Кашалёва сачыла адразу тры аўты. У адным з іх апынуўся старшыня Патапаўскага сельсавету Ігар Кісялёў.

Ад пытанняў мясцовыя ўлады хутка ўцяклі.

Застаецца спадзявацца, што чыноўнікі паспяшаліся на палі.

Вольга Жарнасек