Сацыяльная рэабілітацыя для вяртання дзеяздольнасці


Рашэнні аб пазбаўленні дзеяздольнасці прымаюцца выключна ў судовым парадку. Ініцыятарамі выступаюць дзяржаўныя органы ці сваякі. А вось прысутнасць асобы, якой датычыць справа, – неабавязковая.

«Для Беларусі характэрна, спецыфічна, поўнае пазбаўленне дзеяздольнасці. Гэта азначае фактычна, што чалавек пазбаўляецца ўсіх грамадзянскіх правоў. Усё за яго павінны рабіць апякун», – кажа дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Апекуном прызначаецца хтосьці са сваякоў ці дырэктар інтэрнату, у які можа быць накіраваны чалавек.

«Ёсць органы, якія перастрахоўваюць саму сістэму. І над апекуном ёсць органы апекі. Апякун не можа прымаць лёсавызначальных рашэнняў у дачыненні чалавека і яго маёмасці, калі гэта дырэктар інтэрнату. Усе гэтыя рашэнні ўхваляюцца ў органах апекі», – зазначае куратарка праекту «Так майстэрня» Дар’я Яскевіч.

У 2018 годзе Палата прадстаўнікоў змяніла правілы прызнання грамадзянаў недзеяздольнымі. Гэтак, цяпер асобаў з псіхічнымі асаблівасцямі могуць пазбаўляць дзеяздольнасці часткова. Паводле аналогіі з людзьмі з наркатычнаю ды алкагольнаю залежнасцямі.

«Новыя змяненні дазваляюць чалавеку, абмежаванаму ў дзеяздольнасці, самастойна распараджацца ўласнымі даходамі ці ўласнымі кішэннымі грашыма. Але нідзе не сказана, якім чынам чалавеку зарабляць гэтыя грошы. Права на працу так і не зʼявілася», – падкрэслівае дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Існуе адваротны працэс – аднаўленне дзеяздольнасці. Рашэнне таксама прымаецца ў судовым парадку.

«Найчасцей аднаўленне дзеяздольнасці адбываецца з маладымі людзьмі і людзьмі сярэдняга ўзросту, якія былі пазбаўленыя дзеяздольнасці аўтаматычна. Пры пераходзе з дзіцячага інтэрнату, дзе ён жыў, у дарослы», – сцвярджае дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Чалавеку, які вярнуў дзеяздольнасць, бывае цяжка знайсці працу. Таму Дарʼя Яскевіч, у мінулым работніца дому-інтэрнату для людзей сталага веку і асобаў з інваліднасцю, стварыла ў Менску швейную майстэрню. Каб людзі з ментальнымі асаблівасцямі мелі магчымасць набрацца досведу. Сёння тут навучаюцца пяць чалавек.

«Адна швейная аперацыя цягне за сабой другую, трэцюю, чацвёртую. Па выніку мы маем дастаткова складаны працэс навучання з магчымасцю росту. Не проста ўткнуцца ў адну-дзве аперацыі, а спрабаваць усё новае і новае», – кажа куратарка праекту «Так майстэрня» Дарʼя Яскевіч.

Дэталі з абрэзкаў тканіны, гузікі ўроссып ды стракатанне швейных машынак – у выніку атрымоўваюцца файныя зайцы. Гэта асноўны выраб «Так майстэрні», што дапамагае людзям з ментальнымі асаблівасцямі аднавіць працоўныя навыкі ды кампетэнцыі для вяртання дзеяздольнасці.

Праект мог бы стаць франшызай і выйсці за межы сталіцы, але не стае зацікаўленасці ў гэтым сацыяльных цэнтраў, што займаюцца рэабілітацыяй людзей з ментальнымі асаблівасцямі.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu