Сацсеткі - не СМІ. Суд апраўдаў блогераў


Рэдкая добрая навіна з беларускага суда. Берасцейскі абласны суд адмяніў адміністрацыйныя штрафы блогерам Аляксандру Кабанаву і Сяргею Пятрухіну, адмяніўшы ранейшае рашэнне пінскай суддзі Вольгі Лубнік. Такім чынам аблсуд пацвердзіў: відэатрансляцыя блогераў у сацыяльных сетках – гэта не праца СМІ, а значыць, закон не быў парушаны.

Відэаблогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін жывуць у Берасці і распавядаюць у Інтэрнэце пра самыя важныя і балючыя мясцовыя праблемы. У апошнія месяцы галоўнай бядой берасцейцаў стала пабудова акумулятарнага заводу побач з горадам. Больш за 37 тысячаў мясцовых жыхароў падпісаліся супраць будаўніцтва і экалагічнай пагрозы, але ўлады грамадзянаў праігнаравалі.

«Усім вядомы акумулятарны завод, які будуецца каля Берасця. І мы, скарыстаўшыся выпадкам і правам грамадзянаў, паехалі на завод EXIDE, каб паразмаўляць з тэхнолагамі, эколагамі аб іх вытворчасці і адкідах», – распавядае відэаблогер Аляксандр Кабанаў.

Завод EXIDE у Пінску робіць акумулятары. Пятрухін і Кабанаў паспрабавалі запісацца на прыём да кіраўніцтва. Але юрысконсульт кампаніі Аляксандр Юнкевіч перашкаджаў гэтаму ды загадаў калегам: «Выклікайце Дэпартамент аховы. Націскайце трывожную кнопку».

«Мы зразумелі, што справа пахне керасінам, дасталі тэлефоны і сталі весці жывы эфір. Бо ўсім вядома, што калі міліцыя забярэ тэлефоны, яна сатрэ ўсё, што там было і знішчыць улікі», – узгадвае Сяргей Пятрухін.

Сацсеткі – гэта не СМІ

За відэатрансляцыю ў прыватных Ютубе і Фэйсбуку Юнкевіч напісаў на блогераў заяву ў міліцыю. 12-га сакавіка адбыўся суд, Пятрухін і Кабанаў атрымалі па 980 рублёў штрафу. Пінская суддзя Вольга Лубнік прызнала іх вінаватымі ў парушэнні закону аб сродках масавай інфармацыі. Сёння ж відэаблогеры паспяхова абскардзілі гэтае рашэнне.

«Калі б абласны суд пакінуў у сіле рашэнне раённага, гэта быў бы абсурд абсурдаў. Гэта бы значыла, што нікога, ніякага дзядзечку-чыноўніка, міліцыянера, нельга здымаць на працоўным месцы. Гэтым бы карысталіся дзяржаўныя здраднікі», – кажа Пятрухін.

Такі ж суд быў некалькі месяцаў таму ў Гомлі над блогерам Максімам Філіповічам. Падчас працэсу чыноўнік аблвыканкаму даў дакладнае вызначэнне, што Ютуб і іншыя сацыяльныя сеткі – гэта не сродкі масавай інфармацыі.

«Такой практыкі ў іншых краінах няма, каб людзей прыцягвалі да адказнасці, незалежна ад зместу матэрыялаў, за сам факт распаўсюду інфармацыі ў Інтэрнэце», – кажа Алег Агееў, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Паводле законаў, калі вы вядзеце здымкі ў грамадскім месцы, то не мусіце пытаць дазвол у прысутных асобаў, у тым ліку чыноўнікаў і міліцыянтаў, кажа Алег Агееў. Але міліцыянты і суды трактуюць заканадаўства па-свойму, асабліва калі справа датычыцца акумулятарнага заводу. Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў на сабе адчуваюць ціск уладаў: іх затрымлівалі і саджалі ў ізалятар, каралі штрафамі.

«Тэма акумулятарнага заводу цяпер самая балючая для абласных, раённых, гарадскіх чыноўнікаў. Бо яны разумеюць, што накасячылі, што грамадзян трэба слухаць. Яны разумеюць, што тэма закрытая, і спрабуюць закрыць рты ўсім абсалютна», – кажа Аляксандр Кабанаў.

Цяпер Першая акумулятарная кампанія IPower, што будуе завод, падае ў суд на Кабанава і Пятрухіна, за самы першы відэаролік «Свинец – Бресту Писец?», які нібыта шкодзіць гонару і годнасці кампаніі. IPower патрабуе выдалення відэа, абвяржэння і прабачэння. Відэаблогеры нічога гэтага рабіць не збіраюцца і рыхтуюцца да суда.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».Фота spring96.org