«Саскочыць з нафтавай іголкі Расеі» – ці дапаможа нафта з Казахстану?


Вынікі візіту ў Казахстан. Аляксандр Лукашэнка ў Нур-Султане ўзгадніў з Касым-Жамартам Такаевым умовы паставак казахстанскай нафты ў Беларусь. Гэта мусіць знізіць залежнасць ад расейскай нафты. Але Масква пакуль не адказала, ці дазволіць скарыстацца сваім трубаправодам. Іншых шляхоў танных паставак нафты за час кіравання Лукашэнкі не пабудавалі.

Нафтаправодам праз Расею Аляксандр Лукашэнка хоча імпартаваць казахстанскую нафту. Цалкам узгодненае кіраўнікамі Беларусі і Казахстану пагадненне сёння ў Нур-Султане аднак не падпісалі: Крэмль пакуль не пагадзіўся на транзіт. Перад візітам у Казахстан прагучала:

«Калі Расея зацікаўленая ў развіцці нашага эканамічнага саюзу, яна не будзе гэтаму замінаць, бо калі мы пачнем блакаваць агульныя праекты ў ЕўрАзЭС, то як я часта кажу, іншыя краіны, як Беларусь і Казахстан, будуць шукаць шчасця на баку».

Ужо вядома, што Менск–Масква абмяркуюць магчымасць транзіту нафты трубаправодам «Дружба». Аб’ём праекту Казахстан называў яшчэ ў верасні – 3,5 млн. т. нафты і нафтапрадуктаў. З Расеі мы імпартуем 18 млн. т. толькі сырой нафты.

Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік, намеснік рэдактара Tut.by:

«Пастаўкі з Казахстану нафты і нафтапрадуктаў у аб’ёме да 3 мільёнаў тон можна разглядаць не як альтэрнатыву, а як дадатковую магчымасць для Беларусі, таму што магутнасці беларускіх НПЗ дазваляюць перапрацоўваць да 24-х мільёнаў тонаў».

Альтэрнатыўнаю, на думку эксперта, была б сыравіна ў падобным да расейскага кошце. Там мы набываем нафту на 20 % танней за сусветныя кошты, чаго не запрапануе Такаеў. Але…

«Прапускаць казахстанскую нафту ў Беларусь – гэта даваць Беларусі магчымасць саскочыць з нафтавай іголкі Расеі, нейкім чынам мінімалізаваць страты ад падатковага манеўру, таму Расея канешне кроўна зацікаўленая, каб уся нафта для Беларусі была нафтаю расейскаю», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Падчас перамоваў Лукашэнкі і Такаева Мінфін Расеі даў адказ на спадзевы Менску атрымаць кампенсацыю ад Масквы за тое, што яна да 2024 года паступова пазбавіць Беларусь ільготаў на сваю сыравіну:

«Прэтэнзіі Беларусі на кампенсацыю стратаў ад «падатковага манеўру» абмяжоўваюць суверэннае права Расеі на правядзенне ў нафтавым сектары ўнутранай палітыкі і не адпавядаюць прынцыпам дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе».

У Маскве заяўляюць, што пытанне падаткаў на нафту абмяркуюць падчас рэалізацыі ўжо распрацаванай «дарожнай мапы» па ўніфікацыі падатковага заканадаўства Беларусі і Расеі. Хоць афіцыйны Менск цвердзіў – такога праекту не існуе. Пра збліжэнне Лукашэнка казаў толькі ў кантэксце Еўразійскай эканамічнай супрацы:

«Як зрабіць так, каб мы найбольшую карысць атрымалі ад гандлю ўнутры саюзу. Для гэтага трэба здымаць барʼеры».

Палітолаг Вольга Харламава мяркуе, што Расея не саступіць сваіх манапалістычных пазіцыяў. У пытанні дыверсіфікацыі паставак нафты маем незалежныя ад Масквы магчымасці:

«Найбольш рэальныя перспектывы дасць адкрыццё яшчэ аднаго порту ў Грузіі. З 2021 года перспектывы транспартавання казахстанскай нафты ў Беларусь робяцца ўжо не фантастыкаю, а цалкам рэальнай магчымасцю».

Праз 3 гады цана на расейскую нафту для нас уздымецца да ўзроўню сусветнай, і розніца – дзе набываць – будзе ўмоўнаю. Днямі сваю дапамогу ў транзіце нафты нам запрапанавала Літва.

Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літвы:

«Калі мы знойдзем нейкія спосабы вельмі канкрэтныя, то будзем з задавальненнем у гэтым удзельнічаць. Я так разумею, што ў беларускага боку ёсць патрэба ў дыверсіфікацыі, што наўпрост уплывае на энергетычную бяспеку».

Ранейшыя спробы купляць сыравіну за мяжою – у Іране, Венесуэле, Азербайджане – не апраўдалі сябе з эканамічнага гледзішча.

Юлія Цяльпук belsat.eu