Санітарныя нормы гандлю на рынках зменшыліся ў 4 разы


Колькі разоў мыць рукі, як апранаць ды мыць працоўную вопратку, як хадзіць у прыбіральню. Прадаўцы нарэшце змогуць самыя вырашаць такія працоўныя моманты. Патрабаванняў да асабістай гігіены стане менш, і працаваць гандлярам стане прасцей.

«Нам яшчэ не паведалі, але мы так і робім. Рукі мыем, распранаемся, у іншай вопратцы заходзім у прыбіральню, выходзім – апранаем форму і выходзім за прылавак».

«Ведаеце, мы ўжо так да гэтага прывыклі. Гэта ўжо як «Ойча Наш», мы проста ведаем, як сябе весці, калі ідзеш, што фартух трэба зняць. Я нават не ўяўляю, як можна ў фартуху пайсці ў прыбіральню, напрыклад» – кажуць прадаўцы.

Іншая справа, ці менш кантролю – лепш таксама і для пакупнікоў.

«Не зусім добра. Заадміністратыўнасць нашага рынку залішняя, але санітарныя нормы адмяняць нельга».

«Адмоўна стаўлюся, таму што гігіена павінна быць», – адказваюць пакупнікі.

Раней сур’ёзна рэгулявалася і тэрыторыя рынку: прапісвалі колькасць урнаў для смецця, колькасць выездаў і зонаў на рынку. Цяпер патрабаванні скарацілі.

«Ну, канечне, спрашчаць трэба, бо гэта ўжо вельмі жорстка было. Але не ведаю, галоўнае, каб здароўе людзей не цярпела».

Месца для разгрузкі тавараў раней мусіла быць пад навесам ды асфальтаванае. Цяпер не забараняюць разгружаць тавар і на зямлю.

«Мы ўсё адно прытрымліваемся. Стараемся для пакупніка. Робім усё, каб усё было добра».

«Усё для дабра народу. Нам будзе зручней з новымі правіламі».

«Гэта няправільна». – «Чаму?» – «Нормы павінны быць. Няправільна гэта. Усё адно мы павінны хадзіць на лекцыю. Гігіены мы павінны прытрымлівацца. Ну што гэта будзе? Бардак поўны», – прадаўцы каментуюць.

Больш не будуць патрабаваць усталёўваць механічную вентыляцыю. Санітарнага стану сценаў, столяў правяраць таксама не будуць. Раней на рынак забаранялі дапускаць жывёлінаў. Цяпер і гэта можна.

Раней, калі цэннікі чапілі беспасярэдне на тавар, як тут, гэта было парушэнне. З новымі правіламі – ужо не:

«Усё, што неабходна, робіцца. І пісаныя і не пісаныя правілы. Гэта проста лішняе».

«Напрыклад, у нас тавар – сыры: пальчаткі. Я думаю, чалавек, які робіць санкніжку, можа і без пальчатак паказваць тавар, які праходзіць цеплавую апрацоўку: мяса паказваць».

«Мы ж самі зацікаўленыя ў тым, каб адпавядаць санітарным нормам. Таму што прадукты харчавання, канечне, усё выконваецца».

«Якасць цікавіць больш. Гігіена… Як за ёй дагледзець? І ці павінен я за ёй глядзець? Гігіена – яна дома» – адказвае пакупнік.

Садавіну і гародніну раней забаранялася прадаваць на свежым паветры пры марозе. Цяпер можна вырашаць самім, варта гэта рабіць ці не.

Вольга Чайчыц, belsat.eu