Самыя знакавыя падзеі 2018 года ў Беларусі


Яшчэ адзін год сыходзіць у гісторыю. Для беларусаў ён быў напоўнены як знакавымі святочнымі падзеямі, гэтак і чарговым супрацьстаяннем ды гучнымі крымінальнымі справамі.

2018-ты стаўся рэкордным у колькасці штрафаў незалежным журналістам. Больш за іншых – ажно на 46 тысяч долараў – аштрафавалі фрылансэраў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». І гэта не ўсё. У офісы буйных незалежных выданняў – Тут.бай і БелаПАН – прыйшлі з ператрусамі. Затым супраць 15-ці чалавек распачалі крымінальную справу за нібыта незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА. У выніку выклікаў на допыты і содняў у ізалятары справу для бальшыні перавялі ў адміністратыўную. Журналісты сплацілі штрафы.

«Фігурантам справы БелТА засталася толькі Марына Золатава з Тут.бай, якую нават ужо і не вінавацяць у тым, што яна мела паролі да БелТА. Таму, на маю думку, можна відавочна сказаць, што справа мае палітычны характар», – каментуе Паўлюк Быкоўскі, карэспандэнт «Dеutsche welle» у Беларусі.

Гэты год адзначыўся тым, што ўлады зноў абвесцілі барацьбу з гэтак званымі дармаедамі. Паводле абноўленага дэкрэту цяпер сплочваць падатку не трэба, але асобы, якія не ўладкаваныя на працу ды маюць у Беларусі маёмасць, мусяць плаціць камунальныя паслугі за ацяпленне і ваду паводле поўных тарыфаў. Запрацавала і электронная база дармаедаў. У яе трапілі каля паўмільёна чалавек.

«Хібы дэкрэту ў тым, што стварылі гэтыя камісіі, якія як бы павінныя ўсіх працаўладкаваць. Але пры гэтым ёсць яшчэ эканоміка, яе ж не падманеш. Людзі па 8 гадзінаў за 250–300 рублёў павінныя адпрацоўваць? Дык гэта здзек з людзей», – кажа Генадзь Фядыніч, лідар прафсаюзу РЭП.

На пачатку 2018-га ў Менску запрацаваў рэстаран «Паедзем паядзім». Яго пабудавалі ў былой ахоўнай зоне Курапатаў – месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Суседства, на якое далі дазвол улады, абурыла грамадства. З першага працоўнага дня ўстановы актывісты пачалі дамагацца закрыцця рэстарану, а пазней – трываць штодзённую варту, якая доўжыцца дасюль. Абаронцы Курапатаў спрабуюць пераконваць наведнікаў не хадзіць у рэстаран. За ўвесь час варты пратэстоўцы неаднаразова сутыкаліся з правакацыямі, не давала спакою і міліцыя. Актывістаў затрымлівалі, штрафавалі і засуджалі на содні арышту.

«Народны байкот рэстарацыі «Паедзем паядзім». Паколькі туды проста не прыходзяць людзі. 10-15 чалавек наведнікаў за дзень – гэта не ўзровень для такой рэстарацыі. І ў гэтым плане беларускі народ па-добраму ўразіў», – распавядае сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Радаснаю падзеяй для беларусаў сталася святкаванне 25-га сакавіка – сёлета мы адзначылі 100-годдзе ўтварэння Беларускае Народнае Рэспублікі. Падзею адсвяткавалі вялікім канцэртам ля Опернага тэатру, на які прыйшлі тысячы чалавек.

«Думаю, што для іх было самых здзіўленне – колькасць людзей. Усё ж такі гэтая кансалідацыя і аб’яднанасць людзей і жаданне дасягнуць той мэты, якая стаяла. А мэта стаяла – годна адзначыць стагоддзе БНР», – распавёў сурганізатар канцэрту да стагоддзя БНР Павел Белавус.

Да юбілею БНР вырабілі і ганаровую табліцу, сродкі на якую ахвяравалі беларусы. Аднак улады дасюль не змясцілі яе на доме ў Менску, дзе была прынятая Трэцяя Устаўная грамата.

Юлія Лабанава, belsat.eu