Самотная шматдзетная маці. «У яе няма пасведчання, няма дзяржаўнай узнагароды, якая ёй належыць»


Шматдзетную сям’ю ў Смаргоні пагражаюць пазбавіць камунальных паслуг з прычыны запазычанасці па аплаце. Восем гадоў маці і пяцёра дзяцей жывуць у інтэрнаце без спадзяванняў на ўласнае жыллё. Чыноўнікі заяўляюць, што робяць усё магчымае для сям’і. У канфлікце разбіралася Галіна Абакунчык.

У інтэрнаце, дзе жыве ўдава з пяццю дзецьмі, пагражаюць адключыць святло і ваду. Сям’я мусіць заплаціць 7 тысяч беларускіх рублёў запазычанасці за камунальныя паслугі.

«Вось тут зямля – чарвякоў вельмі шмат. Я кажу суседу – прыходзь і капай, іх аж кішыць. Дзвярэй, пліты, санвузла не было. Усюды сырасць: сцены сырыя, шпалеры ўвесь час адвальваюцца. Калі атрымала гэты блок, тут не было ні вады, ні святла – нічога не было», – расказвае шматдзетная маці Людміла Аўсяннік.

У гэткіх умовах маці з пяццю дзецьмі жыве апошнія чатыры гады і штомесяц мусіць плаціць 230 рублёў. Раней Людміла Аўсянік з мужам і дзецьмі жылі ў старым вясковым доме на Ашмяншчыне. Але ў вёсцы закрылі дзіцячы садок і школу, не стала працы, муж паехаў на заробкі ў Расею, дзе і памёр у 2011 годзе. З тае пары сям’я пакінула стары дом і туліцца ў гарадскіх інтэрнатах Смаргоні, але ні арэнднай, ні сацыяльнай кватэры атрымаць не можа.

«Я ўжо зразумела, што тут замкнёнае кола. Апошні мой паход быў, калі ўсюды адмовілі, мне прыйшла папера на долевае будаўніцтва. А долевае будаўніцтва мне не даступнае», – кажа Людміла Аўсяннік.

Людміла штодня ездзіць на працу ў Менск, дзе прыбірае дамы і катэджы. Бо, як сцвярджаюць смаргонцы, у горадзе працы з заробкам вышэй за трыста рублёў не знайсці. Дзяцей дапамагаюць даглядаць суседзі, бо бацькоў і блізкіх сваякоў жанчына не мае.

«Ніякай дапамогі, адныя пагрозы: дзяцей забяром, ты дрэнная, ты дрэнная. Паглядзіце, яна ўся худая, у чым толькі душа трымаецца. І не таму, што яна дзесьці гуляе, а таму, што яна ўкалвае», – заяўляе суседка Алена.

У гарадской адміністрацыі пра цяжкасці шматдзетнай сям’і добра ведаюць ды кажуць, што інтэрнат ім выдзелілі з паўнавартасным рамонтам, што прапаноўвалі розныя варыянты развязання праблемы, у тым ліку працаўладкаванне, сацыяльнае жытло з рамонтам і магчымасць долевага будаўніцтва.

«Мы прапаноўвалі – падары той стары дом сельскаму савету ў Ашмянах, яго не будуць улічваць. Чалавек неаб’ектыўна падае інфармацыю пра сябе і сваё жыццё. Самы галоўны аргумент, што яна не п’е – для мяне гэты аргумент жалезны. Але да яго яшчэ патрэбныя чалавечая прыстойнасць і адказнасць», – паведамляе Алена Атцецкая, начальніца жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Дапамагчы шматдзетнай маці змагацца за жытло вырашыў неабыякавы смаргонец, узяўшы на сябе абавязак паходаў па кабінетах чыноўнікаў.

«Гэтая дзяўчынка не ведае законаў, у яе няма пасведчання, у яе няма дзяржаўнай узнагароды, якая ёй належыць. Уяўляеце? Таму я лічу сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы гэтай сям’і», – заяўляе жыхар Смаргоні Генадзь Сінцоў.

Паводле дзяржаўнай праграмы, усе шматдзетныя сем’і краіны цягам двух гадоў мусяць быць забяспечаныя ўласным жытлом.

Галіна Абакунчык, belsat.eu