Самаізаляцыю зацвердзілі


Усеагульнага каранціну ўрад не ўвёў, але загадаў ізаляваць хворых і тых, хто з імі кантактаваў. Што можна, а чаго нельга рабіць падчас самаізаляцыі? Як два тыдні не хадзіць на працу, і ці можна ўвогуле выбірацца з дому?

Усім, хто захварэў ці мае падазрэнне на Ковід-19, – сядзець дома пад пагрозаю штрафаў. У сувязі з эпідэміяй урад Беларусі ўвёў абмежавальную захаду – самаізаляцыю.

Адмысловы бланк грамадзянам пад роспіс будуць уручаць медыкі. Загад самаізалявацца атрымаюць тыя, у каго пацвердзілі інфекцыю COVID-19; тыя, хто непасрэдна кантактаваў з хворымі; тыя, хто кантактаваў з іхным асяроддзем або вярнуўся з краінаў, дзе назіраюцца захворванні, – гэта значыць, з любой краіны свету.

Самаізаляцыя прадугледжаная на 14 дзён і можа быць працягнутая на загад медыкаў. На гэты час ізаляваныя атрымаюць бальнічны і звязаныя з ім выплаты. Ці гатовыя нашыя суайчыннікі замкнуцца ў хатах на два тыдні, каб збіць хвалю захворванняў? Вось што кажуць жыхары Пінску:

«Калі б перавялі на дыстанцыйнае навучанне, было б можна. А так – пакуль не».

«Абавязкова пайду, таму, што я цаню сваё здароўе, а таксама здароўе сваіх родных і блізкіх».

«Буду прытрымлівацца таго, што параяць медычныя працаўнікі. Сто адсоткаў – вытрымаю!»

«Адзін тыдзень – так, а вось два – гэта пад пытаннем».

Парушальнікам самаізаляцыі пагражаюць штрафы да пяцісот долараў або арышт. Агульнанацыянальныя абмежаванні Беларусь увяла апошняя ў Еўропе – нават пазней за Швецыю.

«Літва, Латвія – то там у апошнія 4–5 дзён колькасць захворванняў на каронавірус павялічваецца ўсяго на некалькі адсоткаў. Гэта 3–5 адсоткаў. У Польшчы крыху вышэй – каля 10 адсоткаў. У Расеі ды Украіне – на 14–16 %. Але нідзе, як у Беларусі, няма павелічэння на 20 адсоткаў ці, як у апошні дзень, – на цэлых 40», – каментуе дырэктар даследчага цэнтру «EAST»Андрэй Елісееў.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі цяпер 1331 хворы на COVID-19. Мэты кожнага каранціну – калі не згасіць хваробу, то хаця б зменшыць хуткасць яе распаўсюджвання, каб лік хворых не перавысіў магчымасцяў медыкаў. Тым, хто застаецца ў самаізаляцыі, хадзіць на працу, вучобу ці ў спартзалу – забаронена. З кватэры можна выйсці ў трох выпадках: каб схадзіць у бліжэйшую краму, у аптэку ці вынесці смецце. Пакідаючы жытло, трэба абавязкова надзець маску.

Калі вы пачуецеся дрэнна – тэлефануйце ў хуткую ці вышліце SMS, але абавязкова папярэдзьце медыкаў, што вы ў самаізаляцыі. Ці магчыма выседзець у чатырох сценах, і што рабіць дома два тыдні?

«Запасы прадуктаў ёсць. Вытрымаць – вытрымаем!»

«Дома жанчыне заняцца заўсёды ёсць чым: прыбіранне, пранне, гатаванне».

«У мяне прысядзібны ўчастак і электроніка, якую я люблю».

«Самаразвіваўся б як-небудзь: займаўся б спортам, кнігі б чытаў».

«Я і так сяджу дома – і нічога», – каментуюць жыхары Пінску.

Захады сацыяльнага дыстанцыявання ўвялі і ў Палаце прадстаўнікоў. Дэпутатаў рассадзілі на бяспечнай адлегласці.

Аляксандр Папко, «Белсат»