Самаізаляцыя для хворых на Ковід-19: можна выходзіць з дому


Пацыенты з пацверджаным COVID-19, кантакты 1 ўзроўню, а таксама хворыя на небальнічную пнеўманію – цяпер будуць лячыцца ўдома. Гэтак пастанавіла айчыннае Міністэрства аховы здароўя. Што праўда, пазбаўляць стацыянару будуць толькі тых, чый стан не крытычны, і каго дома могуць даглядаць сваякі. Навошта гэта робяць і наколькі бяспечныя такія захады?

Напрыканцы зімы Уладзімір Каранік запэўніваў беларусаў: Міністэрства аховы здароўя цалкам падрыхтаванае да каронавіруса, хапае і ложкаў у шпіталях, і апаратаў штучнай вентыляцыі, і сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў.

«У нас распрацаваны план і перапрафілявання коечнага фонду, і разварочвання коек. Каронавірусная інфекцыя становіцца пагражальнай, калі мы не можам забяспечыць адэкватнае медычнае суправаджэнне», – казаў міністр аховы здароўя 28 лютага.

А цяпер са шпіталяў дадому выпісваюць не толькі тых, хто кантактаваў з хворымі на каронавірусную інфекцыю, але і саміх заразных хворых, і тых, каму паставілі дыягназ «небальнічная пнеўманія» без пацверджання Ковіду-19. Адпаведны загад Уладзімір Каранік падпісаў напярэдадні.

Загад міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка:

«Арганізаваць аказанне медычнай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19, бессімптомнымі формамі захворвання і лёгкім цячэннем захворвання ў амбулаторных умовах.

Арганізаваць аказанне медычнай дапамогі ў хаце пацыентам з небальнічнай пнеўманіяй з няцяжкім цячэннем у адпаведнасці з дадаткам 1».

Як гэта будзе працаваць на паперы: хворых з лёгкай і сярэднецяжкай пнеўманіяй адправяць дадому, доктар пакіне план лячэння сваякам і будзе наведваць хворага не радзей, чым раз на тры дні, а званіць – штодня. Стане горш – завязуць у шпіталь на машыне хуткай дапамогі. З хворымі на каронавірусную інфекцыю парадак падобны: калі няма сімптомаў або хвароба ідзе ў выглядзе вострага рэспіраторнага захворвання, пацыент «ізалюецца па месцы жыхарства» на два тыдні – яго вязуць туды медбрыгадай.

«Гэта зʼяўляецца сямейным ачагом (заражэння). А праца ў асяродку інфекцыйнага захворвання патрабуе і сродкаў індывідуальнай абароны, і пэўных мерапрыемстваў па абароне людзей, якія там знаходзяцца», – тлумачыць Святаслаў Протас, экс-старшыня Дзяржсанэпідслужбы Украіны.

Дома пацыент мусіць сядзець у асобным пакоі з асобным посудам і ручнікамі, а калі надта трэба пайсці ў краму ці аптэку, то мусіць надзець маску.

«Медыкі мусяць быць абароненыя на 3-м узроўні біялагічнай небяспекі, бо гэты ўзбуджальнік адносіцца да асабліва небяспечных інфекцыйных агентаў», – распавядае Святаслаў Протас.

Паводле загаду Уладзіміра Караніка, медычная брыгада для хатніх пацыентаў мусіць быць забяспечаная супрацьэпідэмічнымі воданепранікальнымі халатамі, акулярамі, пальчаткамі і рэспіратарамі ў неабходнай колькасці. Грошы на медыцыну ёсць – запэўніваюць ва ўрадзе.

«На сёння рэсурсаў для забеспячэння працы ўстановаў аховы здароўя ў цяперашніх складаных эпідэміялагічных умовах дастаткова», – распавёў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Але на практыцы з ахоўнымі сродкамі праблемы. Генеральная пракуратура накіравала міністру аховы здароўя і старшыні канцэрну «Беллегпрам» прадпісанне ліквідаваць неэфектыўнасць ахоўных масак. Тое, што нашылі на фабрыках паводле стандарту 19-гадовай даўніны, паказвае эфектыўнасць толькі ў 10% выпадкаў.

Такія марлевыя павязкі ад «Беллегпраму» паставілі ў 6 гарадскую клінічную больніцу, дзе цяпер найбольшая каронавірусная нагрузка, паведамляе Генпракуратура і патрабуе рабіць маскі толькі з адпаведнымі фільтрамі. А хворых на каронавірусную інфекцыю ў Беларусі ўжо 4204 – паводле афіцыйных звестак. 40 чалавек памерлі.

Адмыслоўцы звяртаюць увагу, што афіцыйная статыстыка мае дзіўны прырост – толькі 12–15% хворых на дзень, што адчувальна ніжэй, чымся ў суседзяў. Прытым колькасць новых інфікаваных рэзка ўпала 11 красавіка, калі з Беларусі з’ехала місія Сусветнай арганізацыі здароўя.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Фота: SHANNON STAPLETON / Reuters / Forum