«Сам сябе спаліў». У Смалявічах мужчына здзейсніў акт самаспалення ля аддзялення міліцыі


Сёння ў Смалявічах ля мясцовага аддзялення міліцыі невядомы мужчына здзейсніў акт самаспалення. Паводле папярэдніх звестак Следчага камітэту, пацярпелы мае псіхічныя праблемы са здароўем і гэта не першая ягоная спроба скончыць жыццё самагубствам.

«Гэта было так: не паспеў агонь, і адразу яго патушылі. За 10 хвілінаў і хуткая прыляцела, і пажарныя. Тут было ўсё хутка, што нават людзей не сабралася паглядзець», – кажа выпадковая відавочца здарэння.

«А дзе ў нас? Нічога абсалютна. Я толькі з працы, і мы нават блізка там не былі», – дзівіцца мясцовая жыхарка.

«Загарэўся чалавек. Я асабліва нічога не ведаю. Мне казалі, што там чалавек загарэўся, сам сябе спаліў. Больш я нічога не ведаю», – дзеліцца мясцовы жыхар.

Згодна з інфармацыяй, мужчына атрымаў апёкі 90 адсоткаў цела. За ягонае жыццё змагаюцца дактары смалявіцкага шпіталю, стан ацэньваюць як цяжкі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»