Салідарная Беларусь: акцыі па ўсёй краіне


І сталіца, і абласныя цэнтры і невялікія гарады выглядалі напярэдадні ўвечары падобна, і гучалі – аднолькава – воплескамі і сігналамі аўтаў.

У апошні дзень збору подпісаў людзі зноў выйшлі на вуліцы ў знак салідарнасці з затрыманымі.

«Людзі па ўсёй краіне стаміліся і хочацца быць з імі, хочацца быць часткай гэтай салідарнасці».

«Першы раз я ўчора адчуў гонар за Беларусь калі ўбачыў тое што адбылося ў Менску», – кажуць жыхары Віцебску.

Акцыі па ўсёй краіне суправаджаліся затрыманнямі і збіццём іхных удзельнікаў сілавікамі.

На большасць затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, некаторых пакінулі ў ізалятары, іншых выпусцілі да суда. Толькі ў Менску, паводле папярэдняй інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», затрымалі больш як сотню ўдзельнікаў пікетаў. Часам гэтым затрыманням супрацьстаялі самыя людзі, як, да прыкладу, у Маладзечна.

У Гомлі ж затрымалі двух братоў з інваліднасцю па слыху, адзін з якіх страціў прытомнасць у аўтазаку.

Затрымлівалі і няпоўнагадовых, замежных грамадзянаў і больш як дзясятак журналістаў, якія асвятлялі акцыі.

«Была размова з кіраўніком Савецкага РАУСа, які кожнага журналіста асобна адводзіў у кабінет і праводзіў размову пра тое што мы павінныя пасля нашага затрымання не вяртацца да працы, не вяртацца на тое месца адкуль нас забралі, а ісці дадому», – распавядае фатограф Ірына Арахоўская.

Журналістку Ларысу Шчыракову затрымалі па дарозе на пікет і пратрымалі ў пастарунку да заканчэння акцыі.

«Я збіраюся скардзіцца ў пракуратуру, бо я ўспрымаю гэта як выкраданне і незаконнае ўтрыманне ў пастарунку даўжэй за тры гадзіны», – кажа Ларыса.

Нягледзячы на знікненне мабільнага інтэрнэту і кепскую сувязь, на затрыманні і разгоны, акцыі ў Менску і іншых гарадах працягваліся па некалькі гадзінаў.

Калі міліцыя разганяла ланцуг у адным месцы – ён стыхійна ўзнікаў у іншым.

«Яны псіхуюць, яны незадаволеныя што людзі выходзяць».

«Калі мы не выйдзем не пачнем гаварыць то хто пачне гаварыць?» – кажуць жыхары Менску.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што акцыі сведчаць пра высокі пратэставы настрой у грамадстве:

«Улады зноў пачалі ўжываць сілу, бо хочуць ужо на дальніх подступах запалохаць грамадства, каб пазбегнуць масавых выступаў пасля выбараў».

Далейшае развіццё падзеяў, на думку праваабаронцы залежыць між іншага ад таго, якія прозвішчы мы ўбачым у выбарчых бюлетэнях.

Ірына Дарафейчук «Белсат»