Салідарнасць з арыштаванымі


Каляровыя выцінанкі, радкі беларускіх песняў і проста цёплыя словы. Усё гэта жыхары Магілёва запячаталі ў канверты, каб даслаць арыштаваным з палітычных матываў. Аніса Субат напісала ліст Андрэю Папову, якога вінавацяць у датычнасці да масавых беспарадкаў пасля выбараў.

«На самай справе я не вельмі ўмею пісаць лісты, і тут я пішу, што ў нас ужо наступіла залатая восень, як на карцінах вядомых мастакоў, і ўжо трошкі пахне Новым годам. Я спадзяюся, што ён ужо будзе сустракаць Новы год дома з сям’ёй», – пракаментавала Аніса Субат.

Пасля выбараў у Беларусі адміністратыўны пераслед зазналі больш за 10 тысяч чалавек, а крымінальны – 101 асоба. Апошніх прызналі палітычнымі зняволенымі. Паводле арганізатараў ўоркшопу – праваабаронцаў з Магілёўскага цэнтру «Вясна» – кожнага арыштаванага варта падтрымаць лістом і добрым словам.

«Гэта вельмі добра выспявае культуру салідарнасці, якой зараз крыху бракуе ўсё ж такі нашаму грамадству», – сказаў праваабаронца Алесь Райкан.

Наколькі важна атрымаць ліст з волі, на сабе адчуў Уладзімір Прыбыткоўскі. Яго арыштавалі за ўдзел у мірных мітынгах паводле двух пратаколаў. Разам атрымалася 20 содняў.

«Калі я атрымліваў лісты, канечне, хваляванне, ніколі не ведаеш, што там напісана, пра якія падзеі, хто ўвогуле напісаў», – узгадвае Уладзімір Прыбыткоўскі.

У першую чаргу арыштаваныя чакаюць ў лістах навінаў з волі. Сукамернікі прасілі Уладзіміра чытаць свае лісты ўслых, бо не ўсім пішуць, але ўсім хочацца перажыць прыемныя эмоцыі. Таму тыя ж жарты ў лістах – заўсёды да месца.

«Многія ведаюць, што я грыбнік, і пішуць: давай, тут грыбы праходзяць – хутчэй выходзь. Там ужо на працы чалавек едзе на тваё месца, на тваю станцыю. Я ўжо начальніка прашу, каб яго не адпускалі. Ну так жартавалі, канечне», – дзеліцца Уладзімір Прыбыткоўскі.

Васіль Салтановіч, яшчэ адзін удзельнік мірных мітынгаў у Магілёве, атрымліваў лісты ад жонкі і незнаёмых людзей, а таксама тройчы змог пазваніць дадому пры дапамозе карткі для таксафона. З ізалятару Васіль трапіў у больніцу, а адтуль – на дзённы стацыянар.

«Я бачыў, як рэагуе сусед, якому прыходзілі такія ў падтрымку лісты. У яго настрой быў не тое што на дзень, а на тыдзень наперад. Ад незнаёмых атрымліваў падтрымку. Канечне, гэта вельмі значна, вельмі патрэбна зараз», – распавядае Васіль Салтановіч, які адбыў 19-дзённы арышт.

У лісце да арыштаванага пазбягайце інтымных падрабязнасцяў, не рабіце заклікаў, бо ўсе лісты праходзяць праз абавязковую цэнзуру. Спісы затрыманых шукайце на сайце «Вясны», а таксама ўдакладняйце ў мясцовых праваабаронцаў.

Вольга Васільева, Белсат