Салідарнасць маладых і сталых


Адна з самых масавых студэнцкіх акцыяў сёння прайшла каля галоўнага корпусу БДУ. Навучэнцы з розных факультэтаў чарговы раз выйшлі заявіць пра сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў Беларусі. Некаторыя з удзельнікаў акцыі трымалі ў руках плакаты з прозвішчамі сваіх аднакурснікаў, якіх у нядзелю затрымалі на Маршы народаўладдзя.

«Аляксандр Нарэйка – студэнт факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Учора яго затрымалі на маршы, і зараз мы не ведаем, што з ім. Мы спадзяемся, што ён не знаходзіцца ў ліку тых затрыманых, якія ўчора больш за дзевяць гадзінаў стаялі на марозе. Спадзяемся, што ўсё добра, што яго не білі і што ўсё скончыцца нармалёва» – кажа адна са студэнтак БДУ.

Супраць брутальных затрыманняў, а таксама катаванняў у месцах зняволення выступілі і выкладчыкі. Працаўнікі БДУ запісалі відэазварот, у якім патрабуюць ад уладаў спыніць гвалт.

«Гэта вельмі горка і балюча ведаць, што твой вучань, студэнт скалечаны і пасаджаны на содні за спробу адстаяць свае грамадзянскія правы. І ты не можаш дапамагчы нічым, акрамя як напісаць ліст і нешта пакласці ў перадачу. Невыносна прыходзіць у аўдыторыю, думаючы: «Пра каго з іх я заўтра прачытаю ў СМІ? Чыю акрываўленую вопратку я ўбачу на фота ў сацсетках?» – гавораць выкладчыкі БДУ ў сваім відэазвароце.

Шмат якія выкладчыкі сёння выйшлі на акцыю разам са студэнтамі.

«Я лічу, што толькі разам, толькі такім чынам, актыўна ўдзельнічаючы ўва ўсіх гэтых падзеях, мы можам намагацца, каб нешта і ў краіне, у культуры, і ў самасвядомасці людзей змянілася» – кажа адна з выкладчыц, якая прыняла ўдзел у акцыі пратэсту.

Чарговы раз звярнуцца да ўладаў паспрабавалі студэнты і выкладчыкі Лінгвістычнага ўніверсітэту. Пра тое, што яны не згодныя з палітыкаю хлусні і гвалту ў Беларусі, яны сказалі на ўсіх мовах, якія вывучаюць ва ўніверсітэце.

Маршам па праспекце Незалежнасці зноў прайшлі тысячы пенсіянераў.

«Гэта так трэба ненавідзець свой народ, каб знішчаць яго – мірных людзей. Усіх запар: і студэнтаў, і медыкаў – інтэлігенцыю, цвет грамадства. Гэта немагчыма ні дараваць, ні зразумець» – кажа адна з удзельніц маршу.

Шосты Марш пенсіянераў традыцыйна прайшоў пад пільным наглядам міліцыянтаў. Але людзі сталага веку іх не баяцца. Адчуваюць: перамога не за гарамі.

«Таму што дабро заўсёды перамагае зло. І мы з Богам. Мы з Богам!» – канстатуе жанчына, якая прыняла ўдзел у маршы пенсіянераў.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»