Салідарнасць беларускіх творцаў


Сучаснае мастацтва мае быць актуальным і правакацыйным. Але на трыенале ў Менску выказванняў на самыя важныя сёння тэмы не сустрэнеш. За некалькі дзён да адкрыцця з выставы прыбралі інсталяцыю мастака Сяргея Белавокага.

Праект «Вітраж-АТ» у выглядзе люстраных міліцэйскіх шчытоў, пабітых камянямі, яшчэ ў пачатку года да ўдзелу ў выставе адабрала мастацкая камісія. Твор увайшоў у шорт-ліст Нацыянальнай прэміі Беларусі ў намінацыі «Актуальнае мастацтва». Аднак потым дырэкцыя конкурсу папрасіла аўтара зняць працу, а калі ён адмовіўся, даслала ліст, што з экспазіцыі інсталяцыю выключылі з такою фармулёўкаю:

«Вашая праца на трыенале сучаснага мастацтва была прадстаўленая не ў поўным абʼёме (у частцы адсутнасці камянёў як элементу твору)», – цытуе мастак Сяргей Белавокі.

Мастаку відавочна, што справа зусім не ў камянях, якія было б лёгка дадаць, а ў сімволіцы твору. Вітраж АТ – гэтак паэтычна называюцца шчыты, якімі грукае амап падчас вулічных акцыяў.

«Я думаў над тым, як можна ператварыць гэты сімвал паліцэйскай дзяржавы ў штосьці ўзнёслае, у той вітраж, які мы бачым у касцёле. Убачыўшы сваё адлюстраванне ў гэтых шчытах, што мы можам зрабіць? Ці можам мы даць адпор і што з гэтага выйдзе?», – кажа мастак Сяргей Белавокі.

Сяргей Белавокі заклікае мастакоў адстойваць права на свабоду творчасці. На знак салідарнасці фатографка Марыя Алена Банэ зняла з конкурсу праект «Мая рака», над якім працавала два гады.

«Маё рашэнне – гэта перш за ўсё знак салідарнасці з тымі, хто пацярпеў ад гвалту дзейнай улады. І сітуацыя на трыенале адлюстроўвае сітуацыю сучаснага мастацтва ў Беларусі ды стан усіх людзей агулам», – выказалася Марыя Алена Банэ.

Творцы ўсё часцей выражаюць сваю грамадзянскую пазіцыю і зазнаюць рэпрэсіі: гэтак, пад адміністрацыйным арыштам застаюцца дыджэй, стваральнік радыё «Radio Plato» Аляксандр Карняйчук і музыка, клавішнік гурта «TonqiXod» Максім Субач.

Аляксандра Дорская, «Белсат»