Сакрэтныя перамовы ў Сочы. Чым гандлююць Лукашэнка і Пуцін?


Больш за 5 гадзінаў за зачыненымі дзьвярыма ў расейскім Сочы працягваюцца інтэграцыйныя перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Змест і сутнасць інтэграцыйных дакументаў, якія заўтра, магчыма, будуць падпісаныя, дагэтуль засакрэчаны.

Супольнага беларуска-расейскага парламенту не будзе, абяцаў Аляксандр Лукашэнка дэпутатам Палаты прадстаўнікоў яшчэ ў чацвер:

«Гэта нашая краіна, мы суверэнныя і незалежныя, гэтым трэба ганарыцца… Мы ніколі не ўвойдзем і не збіраліся ўваходзіць у склад якой-кольвек дзяржавы – нават братэрскай Расеі».

Інтэграцыя з Расеяй – гэта не страшна, у той жа дзень запэўніваў прэм‘ер-міністр Расеі па выніках перамоваў з беларускім калегам Сяргеем Румасам.

«Трэба прыняць мужныя рашэнні, якія закладуць фундамент пад нашае эканамічнае і сацыяльнае развіццё», – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў расейскім тэлеканалам.

Паводле Мядзведзева, падчас узгаднення «дарожных мапаў» эканамічнай інтэграцыі самыя спрэчныя пытанні пакінулі менавіта кіраўнікам дзяржаваў. І вось Лукашэнка ў Сочы.

У рэзідэнцыі «Бачароў Ручай» Пуцін нагадаў Лукашэнку: заўтра спаўняецца 20 гадоў саюзнай дамове Расеі і Беларусі, падпісанай яшчэ з Барысам Ельцыным.

«Міністры, старшыні ўрадаў правялі вялікую працу ў аналізе таго, што зрабілі ў межах падпісанай дамовы аб Саюзнай дзяржаве, паразмаўлялі, што і як трэба зрабіць, каб выканаць яшчэ не выкананае ў межах дакументу», – вітаў калегу Пуцін.

На гэтых перамовах Масква імкнецца да як мага большай інтэграцыі Беларусі ў сваю эканамічную і палітычную сістэму, мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў. І Крэмль ужывае рычагі эканамічнага ціску: пастаўкі газу і нафты з улікам падатковага манеўру, абмежаванне доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак і, магчыма, танныя крэдыты. Але гэта тое, што на паверхні. На перамовах сам-насам Пуцін можа пагражаць больш шчыра.

«Там могуць быць і пытанні медыйнай прысутнасці, выкарыстанне медыйнай расейскай прапаганды падчас беларускіх выбараў, стварэнне тут напружання, прарасейскіх пратэстаў, фінансаванне кандыдатаў супраць Лукашэнкі», – тлумачыць кіраўнік Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

А яшчэ ёсць і Астравецкая АЭС, якая працуе толькі на расейскім паліве, і пытанні бяспекі – у шырокім сэнсе.

«Тут за плотам і мой дом: утульны, цёплы. Так што я, можна сказаць, у сваім доме», – так Аляксандр Лукашэнка намякаў Пуціну на свой сочынскі дзяржаўны санаторый «Беларусь».

Лукашэнка, паводле эксперта, і сам не хоча страчваць улады ды адчувае супраціў інтэграцыі з боку беларускага грамадства, але дасюль спадзяецца выгандляваць у Крамля эканамічныя бонусы.

«Мы не просім ні таннага газу, ні таннай нафты. Мы гатовыя і па 200 долараў газ купляць, і нафту не па 63 долары за барэль. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы. Калі нашыя прадпрыемствы купляюць за 200 долараў, значыць, і канкурэнты мусяць мець такі ж кошт. Іначай не будзе эканамічнай асновы нашых стасункаў», – заявіў Лукашэнка перад пачаткам перамоваў у Сочы.

Якія эканамічныя і палітычныя ўмовы прэм’ер-міністры Румас і Мядзведзеў унеслі ў «дарожныя мапы» – дасюль невядома.

«Гэтыя рашэнні могуць мець ганебны для Беларусі характар, гэта капітуляцыя. Таму кіраўнікам сённяшняй Беларусі няма чаго сказаць грамадству. Яны хочуць паставіць людзей перад фактам, каб людзі змірыліся з падпісаным», – перакананы старшыня Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Але яшчэ не позна адмовіцца ад сцэнару паглыбленай інтэграцыі, мяркуе Андрэй Ягораў. Перажыць страту расейскіх прэферэнцыяў, праз унутраныя рэформы і лібералізацыю рынку выбудаваць эканамічную незалежнасць, а праз дыялог з грамадствам – палітычную ўстойлівасць.

«Гэта выкліча пэўныя складанасці эканамічныя, але не крытычныя для выжывання Беларусі як незалежнай краіны», – упэўнены кіраўнік Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

З Расеяй варта захаваць сяброўскія стасункі ды эканамічную супрацу, перакананы эксперт. Але, каб захаваць незалежнасць, перадусім патрэбная палітычная воля.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»