Аб'ектыў 24.06.2019 Сакольнікі – небяспечны пляж сярод атрутнага баршчэўніку


Добраўпарадкавання пляжу Сакольнікі ў ваколіцах Віцебску ад уладаў абласнога цэнтру дамагаецца ініцыятыва «Віцебск – горад наш». Найбуйнейшая сажалка і пляж, дзе адпачывае найвялікшая колькасць віцяблянаў, прыйшлі ў заняпад. Неўпарадкаванасць месца парушае санітарны баланс і пагражае здароўю гараджанаў. Аднак віцебскія ўлады не спяшаюцца выпраўляць становішча.

Пераапранальні ў зараслях баршчэўніку і прыбіральня – і гэта ўсе аб’екты добраўпарадкавання пляжу Сакольнікі ў ваколіцах Віцебску. Але і тыя паволі канчаткова занепадаюць, кажа актывістка ініцыятывы «Віцебск – горад наш» Таццяна Севярынец:

«Калі сёлета мы прыехалі, то пабачылі, што нават гэтыя пераапранальні параслі баршчэўнікам. Калі чалавек недасведчаны туды зойдзе, то ён можа выйсці адтуль з вельмі небяспечнымі апёкамі. Баршчэўнік падступае да самага пляжу, ён запоўніў усе сцежкі».

Адзіная на ўвесь пляж прыбіральня ў Сакольніках усталяваная за 300 метраў ад месца адпачынку, даходзяць туды не ўсе:

«Усе «ходзяць» у ваду: няма тут прыбіральні, як і на ўсіх пляжах па-мойму няма».

«Зарос пляж – абсалютна не сочаць за пляжам. Бярозкі пасадзілі – максімум, што зрабілі. Вада смярдзіць. Але гэта самае блізкае, што ёсць каля гораду, таму ўсе сюды і ходзяць».

«Для дзяцей – пясочку бы прывезці, берагі ўпарадкаваць».

«Трэба паставіць альтанкі, парасонікі, каб ад спёкі схавацца. А так – не дрэнна тое, што ратавальнікі ёсць, каб ніхто не патануў. Але трэба ўсё добраўпарадкаваць», – кажуць наведнікі пляжу.

Супрацоўнікі «Таварыства выратавання на вадзе» кажуць, што з-за антысанітарыі і дрыгвы на дне сажалкі, вада бліжэй да восені набывае іншы колер і спецыфічны пах. А пліты старога пірсу на ўзбярэжжы ўяўляюць сапраўдную небяспеку для людзей.

«Там пліты ляжаць няроўна, на зямлі і паміж імі дзіркі. 13-гадовая дзяўчынка пабегла, і нага туды правалілася і захрасла. Давялося выклікаць МНС – дамкратам рассунулі пліты і вызвалілі нагу – траўмавалася дзіця», – распавядае матрос-ратавальнік Мікалай Аўдзееў.

Мікалай Аўдзееў працуе ратавальнікам восьмы год і сведчыць пра пагаршэнне санітарнага становішча сажалкі і пляжа. Ініцыятыва «Віцебск – горад наш» за ратаванне Сакольнікаў змагаецца тры гады: толькі сёлета лісты-патрабаванні накіраваныя ў шэраг інстанцыяў.

«У начальства віцебскага, усіх службаў, якія адказваюць за месца грамадскага адпачынку старажытнага Віцебску, абласнога цэнтру, такое ж, як у кароўніках на Магілёўшчыне ці Гомельшчыне, дзе каровы стаяць па пуза ў гнаі, а з іх яшчэ бяруць малако», – працягвае Таццяна Севярынец.

На скаргі ініцыятывы «Віцебск – горад наш», галоўны санітарны ўрач Віцебску Мікалай Красоўскі пісьмова запэўніў заяўнікаў, што месца адпачынку будзе ўпарадкаванае. Апошні раз сажалку Сакольнікі чысцілі і даглядалі пляж амаль 10 гадоў таму.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары