Сакавік стане месяцам пратэстаў па ўсёй Беларусі


Апошні дзень зімы хіліцца да завяршэння. Між тым сакавік ужо абяцае быць гарачым не толькі ў сэнсе метэаралагічным, але і ў грамадска-палітычным. Адразу некалькі арганізацыяў сёння абвесцілі пра свае пратэстныя планы, якія ахопяць не толькі сталіцу, але і рэгіёны. Ёсць і развязанне для, бадай, галоўнай праблемы ўласна апазіцыі – разʼяднанасці.

У суботу пратэстуе Менск, у нядзелю пратэстуюць рэгіёны

«Уладу народу!» – з такім заклікам адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч звярнуўся да беларусаў і абвесціў пра планы аб’яднання на пратэставы сакавік. Які хоць і працягне эстафету лютаўскіх акцыяў супраць дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве», агулам жа мусіць паказаць правал эканамічнай палітыкі ўладаў у цэлым.

25 сакавіка, у суботу, запланаваная агульнанацыянальная дэманстрацыя і гэтак званы «народны сход», які, паводле Статкевіча, вырашыць «што трэба зрабіць, каб вярнуць скрадзенае права на нармальнае жыццё». Пасля ж энергію сталічнага пратэсту, паводле плану палітыка, грамадзяне мусяць распаўсюдзіць на рэгіёны. І ў нядзелю а 12-ай сабрацца на цэнтральных плошчах гарадоў і мястэчак. Аднак арганізатары не хаваюць, што найбольшыя спадзяванні на пратэст у сталіцы.

Кампанія «Мы не дармаеды» таксама арганізуе пратэсты

Прадстаўнікі іншай палітычнай кампаніі пад назваю «Мы не дармаеды», якая аб’ядноўвае з дзясятак палітычных партыяў і рухаў, сёння прэзентавалі яшчэ больш насычаны графік на сакавік.

Першая акцыя пройдзе ўжо ў найбліжэйшую нядзелю ў Берасці. Пасля Маладзечна, Пінск, Бабруйск, Рагачоў і Ворша. У Дзень канстытуцыі – 15-га сакавіка – палітыкі прапаноўваюць сабрацца на цэнтральных плошчах у Горадні, Магілёве ды каля Акадэміі навук у Менску. 25-га, на Дзень Волі, акцыі пройдуць як у сталіцы, гэтак і ў Гомлі. Удакладняецца час і месца правядзення акцыі ў Віцебску.

«Акцыя будзе набіраць абароты і людзей будзе выходзіць больш»

Паводле Андрэя Шарэнды, грамадскага актывіста з Берасця і актыўнага ўдзельніка пратэстаў, каб акцыі не пайшлі на спад ды прынеслі плён краіне, да іх арганізацыі мусяць як мага хутчэй далучацца не адзінкавыя актывісты, а цэлыя структуры, якія маюць большыя магчымасці, у тым ліку і ў справах інфармавання людзей.

«Калі надалей не будзе ніякіх саступак, калі не будзе адменены дэкрэт, тады ўпэўнены, што акцыя будзе набіраць абароты і людзей будзе выходзіць больш і больш», – зазначыў актывіст.

Найбліжэйшымі днямі пройдзе сустрэча лідараў апазіцыі

Сход адбудзецца, у тым ліку, з удзелам прадстаўнікоў Беларускага нацыянальнага кангрэсу ды правацэнтрысцкай кааліцыі, падчас якой палітыкі паспрабуюць аб’яднаць высілкі. Да аргкамітэту пратэстаў далучыўся сёння і рух «За свабоду», які апошнім часам скептычна ставіўся да вулічнай барацьбы.

Юрый Салодкі, «Белсат»