Сабраць вучня ў школу – да $ 450


Пачатак навучальнага года – падзея, якая хвалюе не толькі тых, хто ўжо хутка сядзе за школьныя парты, але і бацькоў. Толькі клопаты ў дарослых іншыя – набыць сшыткі і асадкі, адзенне ды абутак годнай якасці за прымальны кошт. У якую суму сёлета абыйдуцца закупы да школьнага сезону, высвятляла Юлія Лабанава.

Прыгледзець рэчы для дачкі-першакласніцы Станіслава прыйшла на традыцыйны кірмаш з вялікім асартыментам канцылярскіх прыналежнасцяў, школьнай формы і абутку айчыннага лёгпраму. Што праўда, сярод разнастайных мадэляў знайсці штосьці прывабнае для дзяўчынкі выявілася не вельмі проста.

«Школа прадугледжвае класіку, у асноўным – гэта цёмныя колеры або класічныя лініі. Светлых вельмі мала ўбораў. Хацелася, каб і светлыя прысутнічалі паболей. Каб не было гэтай чарнаты да сінявы», – сказала Станіслава, маці першакласніцы Алісы.

Не парадаваў жанчыну і склад тканінаў. Калі кашулі з бавоўны знайсці можна, то жакеты, камізэлькі і спадніцы больш як на палову вырабленыя з поліэстру. Што да коштаў – нізкімі іх не назавеш.

«Заробкі нашыя – 200–250, і 20 долараў на аднаго дзіця на касцюм школьны, я лічу, што гэта дарагавата», – працягвае Станіслава.

А вось маці 13-гадовага Іосіфа, якому трэба купляць рэчы ўжо ў дарослым аддзеле, аддае перавагу «масмаркетам». У іх адзенне таннейшае і вырабленае з больш натуральных матэрыялаў – пераважна з бавоўны і шэрсці.

«Тут усё 15–25 рублёў. Гэта вельмі зручна для нас як шматдзетнай сям’і. А ў беларускіх вытворцаў – гэта, здаецца, праз тое, што там нейкія накруткі, – заўсёды яно даражэйшым выходзіць», – кажа шмадзетная маці Святлана Шырвель.

Тым не менш поўны камплект з кардыгану, кашулі і штаноў для вучня старэйшых класаў каштаваў Святлане каля 150 рублёў. Што да іншых выдаткаў – бʼе па кішэні і куплянне школьных прыналежнасцяў. На іх трэба выдаткаваць не менш за сто рублёў для аднаго дзіцяці.

«У нас асноўны расход грошай – ідзе на канцтавары. Таму што вельмі шмат што трэба купіць, шмат сшыткаў, у нас атрымліваецца чацвёра дзяцей-школьнікаў, і яшчэ ў садок двое», – заўважае Святлана Шырвель.

Падлічылі, колькі будуць каштаваць пакупкі для школьнікаў і чыноўнікі. Паводле ўпраўлення арганізацыі гандлю і харчавання, для вучня малодшых класаў спатрэбіцца ад 145 да 750 рублёў. Выдаткі на вучня старэйшых класаў вагаюцца ад 200 да 900 рублёў. Ці моцна бʼюць закупы для школы па кішэнях беларусаў, мы запыталі і ў жыхароў Гомля:

«Самае малое – гэта 300–400 рублёў. Сабраць школьніка ў школу».

«Каля 200 долараў. Калі гэта першакласнік».

«У 500 рублёў не ўвойдзеш, каб сабраць дзіця ў школу. Форма, рэчы, кніжкі, сшыткі».

«Дык я купляю не новае. Я шукаю абʼявы і сайты адмысловыя, дзе людзі прадаюць рэчы, якія былі ўжо ва ўжытку».

«За кватэру трэба крэдыт плаціць, трэба так заплаціць камунальныя, і плюс дзіця сабраць, і яшчэ паесці. Яшчэ і прыйдуць паглядзець, што ў лядоўні ёсць».

Неўзабаве школьныя базары абяцаюць спажыўцам зніжкі ды акцыі, але нават пры гэтым выдаткі бацькоў набліжаюцца да месячнага заробку. А таму шмат хто пачынае рыхтавацца да школьнага сезону пакрысе яшчэ з чэрвеня або бярэ на школьныя патрэбы крэдыт у банку.

Юлія Лабанава, belsat.eu