Аб'ектыў 11.08.2019 Сабраць дзіця ў школу можа абысціся нават у 1000 рублёў


Жнівеньскія нядзелі – для бацькоў час ісці на школьныя кірмашы, рыхтаваць дзіцё да навучальнага года. А самым рыхтавацца да выдаткаў, бо кошты кусаюцца.

«Белсат» запытаўся менчукоў, у колькі абыходзіцца паход на на школьны кірмаш.

«Туфлі каштуюць рублёў сто, форма таксама, канцылярскія тавары… Рублёў 400 дзесьці».
«Разам з канцылярыяй і вопраткай каля 700 рублёў».
«Мы купілі толькі кашулі, гальштук, касцюм, спартовую форму пойдзем купляць, а абутак яшчэ не куплялі. І ўжо больш за 400 я аддала».
«Мы старэйшай купляем з улікам, каб аднасіла і малодшая. Хаця б абутак, спартовая вопратка», – кажуць менчукі.

Як раней падлічылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, сёлета на аднаго вучня малодшых класаў бацькі выдадуць Br 750 – з улікам абутку, вопраткі, галантарэі, пісьмовых і канцылярскіх прыладаў. А на вучня старэйшых класаў гэтая сума яшчэ вышэйшая – Br 890.

Аднак не ўсе з апытаных намі пакупнікоў змаглі змясціцца ў гэтую суму.

«Згодная, што дарагавата. Але выбару няма», – кажа адна з наведніц кірмашу.

Асабліва ашчаджаць грошы ды не марнаваць вопраткі даводзіцца няпоўным сем‘ям, бацькам з малымі прыбыткамі і тым, хто мае шчасце мець некалькі дзетак

У Анжалікі Клемантовіч трое дзяцей, старэйшая школу скончыла, малодшаму яшчэ рана, а сярэдняя дачка ідзе ў другі клас. Як падлічыла шматдзетная маці, на сумы 750 і 890 рублёў, агучаныя міністэрствам, набыць можна не ўсё, але самае галоўнае.

«Вопратка, абутак, канцтавары, прыналежнасці да дадатковых заняткаў», – пералічвае Анжаліка.

Раз на год шматдзетныя сем’і могуць разлічваць на аднаразовую «школьную» выплату ад дзяржавы – 30 % пражыткавага мінімуму на кожнага школьніка. Канкрэтную суму вызначаюць мясцовыя органы ўлады, адпаведна мясцовым бюджэтам. Таму і выплаты розныя нават у межах адной вобласці: дзесьці Br 30, а дзесьці Br 69.

«Гэтай сумы хапае на канцтавары, якія дзіцё выкарыстае за першае паўгоддзе», – кажа Анжаліка Клемантовіч.

А калі ў вас ёсць непатрэбныя школьныя заплечнікі, форма, канцтавары – іх можна аддаць на добрую справу праз дабрачынныя арганізацыі. Напрыклад, Беларускі Чырвоны Крыж да сярэдзіны верасня працягне збіраць рэчавую і фінансавую дапамогу для вучняў з інваліднасцю, з няпоўных і шматдзетных семʼяў ды з сем’яў уцекачоў.

Яраслаў Сцешык/«Белсат», фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Глядзі таксама
Каментары