Аб'ектыў 07.08.2019 Сабраць дзіця ў школу – ад 300 рублёў


Большасць выдаткаў сыдзе прадказальна на адзенне, абутак ды заплечнік. Канцылярскія тавары абыдуцца прыкладна ў 30 рублёў.

Збіраць дзіця ў школу часта для бацькоў стрэс. У мянчанкі Таццяны Калгіной на школьныя пакупкі ідзе да пяці дзён. У верасні дачка Саміра збіраецца ісці ў 6 класу, і жанчына ўжо пачынае прыглядаць адзенне ды абутак на восень.

«Пакупаю сцілку спачатку, бяру дзіцёнка, устаўляю сцілку, сёння я не ўзяла, і разам са сцілкай мы мераем абутак», – расказвае Таццяна Калгіна.

Звычайна Таццяна набывае ўсё для школы на рынку. Самы важны крытэр: каб падабалася дачцэ. Але не толькі.

«Калі Саміра абярэ такі, то я, вядома, скажу: не, дачушка. Таму што ў школу гэта павінна быць функцыянальнае. Там павінны быць два аддзелы, асобны для падручнікаў, для сшыткаў», – паказвае заплечнік жанчына.

Заплечнік Таццяна і Саміра абіраюць з каркасам. Так здаравей для спіны.

«Звычайна патрэбныя вось такія штукі, каб надзяваць і не крывіцца вось так, бо яны будуць табе перашкаджаць нахіляцца. А вось так каб хадзіў чалавек, роўна», – расказвае Саміра.

Наколькі клапотна збіраць школьніка да пачатку навучальнага года, мы запыталі ў менчукоў:

«Вельмі вялікі стрэс. Цэны, цэны вельмі вялікія».

«Мы штогод стараемся купляць трошачкі з памерам большым, таму прыходзім сюды і дакупляем».

Маці дзевяцікласніка Вера Данілава кажа, што ніколі не разумела ажыятажу вакол 1 верасня. Шмат якія рэчы (напрыклад, заплечнік) ейны сын носіць ужо трэці год. А канцылярскія тавары можна проста дакупіць цягам года.

«Мне гэта нагадвае рыхтаванне да Новага году, калі быццам за адзін вечар спрабуеш з’есці ўсю норму калорыяў гадавую. Я кажу, што ні Белпошта, ні Белсаюздрук – яны не зачыненыя, яны адчыненыя з 9–10-й раніцы да 7-й вечара», – расказвае Вера Данілава.

Калі канцылярскія тавары можна дакупіць, то школьная форма патрэбная адразу. Адзін камплект цяпер можна набыць ад 100 рублёў. Сёлета па-ранейшаму ў модзе клетка, спадніцы і сукенкі ў форме трапецыі, даўгія камізэлькі ды вузкія нагавіцы.

Наста Кахановіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары