Саакашвілі з ізалятару заклікаў прыхільнікаў выходзіць на акцыю пратэсту


Напярэдадні лідара «Руху новых сілаў», якога абвінавачваюць у спрыянні злачынным групоўкам, затрымалі ў Кіеве. Пад следчым ізалятарам, дзе ўтрымліваецца палітык, пратэстуюць ягоныя прыхільнікі.

Яны дамагаюцца вызвалення Саакашвілі і адстаўкі дзейных уладаў.

Кіеўскі пратэст перамясціўся з-пад будынку Вярхоўнае Рады ў месца на завулак Аскольдаў. Сюды Міхэіла Саакашвілі прывезлі пасля затрымання.

Прыхільнікі Саакашвілі заклікаюць украінцаў падтрымаць палітыку і кажуць пра «дыктатуру» і «тыранію» у краіне.

Перад пратэстоўцамі выступіў адвакат Саакашвілі. Ён заявіў, што лідар «Руху новых сілаў» абвесціў бестэрміновую галадоўку.

«Ён кажа, што будзе супраціўляцца любым спробам прымусовага харчавання. Калі суд пастановіць выбраць захаду стрымання ў выглядзе 60-ці дзён арышту, то Саакашвілі працягне галадаваць яшчэ больш жорстка», – распавёў адвакат Руслан Чарналуцкі.

Таксама ён зачытаў ліст, які Саакашвілі напісаў ужо ў следчым ізалятары. У ім палітык заклікаў працягваць пратэсты без яго.

«Шаноўныя суграмадзяне, шаноўныя ўкраінцы. Барыжная ўлада мяне арыштавала паводле хлуслівых абвінавачанняў. Такім чынам яны хочуць запужаць вас. Не бойцеся нічога, смела выходзьце на нядзельную мірную акцыі «За імпічмент!» – перадае прыхільнікам Міхэіл Саакашвілі.

Былога прэзідэнта Грузіі і экс-губернатара Адэскай вобласці падазраюць у спрыянні злачынным групоўкам. Паводле генпракурора Юрыя Луцэнкі, пратэставыя акцыі Саакашвілі фінансаваліся Сяргеем Курчанкам – украінскім алігархам, звязаным з былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.

Першы раз Саакашвілі затрымалі ў аўторак. Але актывісты зламалі дзверы ў аўце, у якім перавозілі палітыка, і здолелі яго вызваліць.

Тым часам крымінальную справу супраць Саакашвілі пракаментаваў прэзідэнт Украіны, які падчас затрымання перабываў з працоўным візітам у Літве:

«Сітуацыя з Міхэілам Саакашвілі нявартая міжнароднай увагі. Бо ёсць канкрэтныя злачынствы, якія былі здзейсненыя. І мы мусім забяспечыць: па-першае, празрыстасць следства, па-другое, абсалютную адкрытасць і непрадузятасць следчых органаў, празрысты, эфектыўны непрадузяты суд».

Саакашвілі і ягоныя прыхільнікі адкідаюць абвінавачанні і называюць справу сфабрыкаванаю.

Цяпер пракуратура мае 72 гадзіны, каб выбраць захаду стрымання. Мяркуецца, што палітыка да суда змесцяць пад хатні арышт.

Вольга Жарнасек, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа з «Фэйсбуку» Міхэіла Саакашвілі