Саакашвілі другі раз вырваўся на свабоду


Ва Украіне працягваецца эпапея з Міхэілам Саакашвілі. Напярэдадні яго вызвалілі ў зале суда пад паруку дзесяці дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, у тым ліку Юліі Цімашэнкі. У сваю чаргу жонка палітыка, Сандра Руфалс, якая надалей жыве ў Грузіі, заклікала міжнародную супольнасць паўплываць на ўкраінскія ўлады ў пытанні стаўлення да Саакашвілі. Ці мае былы прэзідэнт Грузіі і былы кіраўнік Адэскай вобласці палітычныя перспектывы?

11-га снежня Міхэіл Саакашвілі вярнуўся на свабоду

Ён тут жа заявіў пра свой намер далей працягваць палітычную актыўнасць, але рэзка зняпраўдзіў абвінавачанні ў спробе дзяржаўнага перавароту.

«Мае далейшыя дзеі – рабіць тое, што я рабіў заўжды. Кансалідавацца з іншымі палітычнымі сіламі. Я не хачу эскалацыі, нам не патрэбная канфрантацыя, нам не патрэбны напад на кагосьці, нам дакладна не патрэбны нейкі пераварот. Нам патрэбна даціснуць іх, каб яны прынялі ўсе неабходныя законы. І рыхтавацца да канстытуцыйнай, спакойнай, але вельмі важнай і неабходнай змены ўлады ва Украіне. Вось і ўсё», – зазначыў палітык.

Што інкрымінуюць экс-прэзідэнту Грузіі?

Саакашвілі абвінавачваюць у атрыманні з Расеі каля $ 500 тыс. на звяржэнне ўкраінскай улады. Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка заявіў, што мае тэлефонныя размовы Саакашвілі і бізнесоўца Сяргея Курчанкі, блізкага да Віктара Януковіча. Паводле Луцэнкі, гэта быў першы этап аперацыі ФСБ Расеі пад назваю «Расейская зіма ў Кіеве».

На думку некаторых экспертаў, Міхэіл Саакашвілі працягне палітычную актыўнасць, але не будзе мець вялікага значэння на ўкраінскім палітычным полі.

«Калі казаць пра ягоныя перспектывы трапіць ва ўладу, яны нулявыя. Бо ён чалавек без грамадзянства, ён не мае права заняць ніводную з дзяржаўных пасадаў. Натуральна, ён не можа ўзначаліць ніводнай украінскай партыі, якіх на сёння каля 300-от. І ўсё, што яму фактычна застанецца, – гэта быць такім вясельным генералам», – даводзіць палітолаг Святлана Кушнір.

Саакашвілі ж заявіў, што лічыць сябе ваеннапалонным

Ён анансаваў новы мітынг сваіх прыхільнікаў 17-га снежня ў Кіеве. «Нашая барацьба не спыніцца, не зважаючы на ўсе спробы ўладаў! Ім не ўдасца напалохаць нас і перасаджаць кожнага нязгоднага з імі!» – напісаў Міхэйл на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Sergii Kharchenko / Zuma Press / Forum