Рыхтуецца масавае назіранне


Лічыць галасы на выбарах улады дазволілі толькі сваім, адзначаюць праваабаронцы. Барацьба за сумленныя выбары, аднак, не закончылася. Можна стаць назіральнікам на выбарах. Як гэта зрабіць?

14 чалавек на 63 тысячы, або дзве дзесяцітысячныя адсотка. Такая доля не залежных ад уладаў асобаў будзе засядаць у складзе ўчастковых выбарчых камісіяў. З больш як дзвюх тысяч удзельнікаў грамадскай кампаніі «Честные люди» у камісіі прапусцілі 8 чалавек. З сямісот васьмі сябраў грамадскай кампаніі «Права выбару» выканкамы дапусцілі да падліку галасоў шасцярых.

«Такія нізкія паказнікі мы бачым упершыню. У мінулыя выбарчыя кампаніі ўлада ўключала ў выбарчыя камісіі ад пяці да 15 адсоткаў вылучэнцаў ад дэмакратычных арганізацыяў. Зараз яны вырашылі пакінуць усіх па-за бортам», – занепакоены прадстаўнік грамадскай кампаніі «Права выбару» Ігар Барысаў.

Удзельнікі «Права выбару» заклікалі ўсіх неабыякавых грамадзянаў стаць назіральнікамі. Да масавага назірання заклікае і ініцыятыва «Честные люди». Інструкцыі зʼявяцца на сайце платформы на наступным тыдні.

«У нас будзе інтэрактыўная мапа, дзе можна будзе ўбачыць, колькі дзе назіральнікаў, на якім участку, дзе ёсць «чырвоныя» зоны, якія можна запоўніць. У нас з’явяцца ўсе неабходныя дакументы, якія можна будзе запоўніць і падацца», – паведаміў па тэлефоне прадстаўнік платформы «Честные люди».

Ці варта грамадзянам масава запісвацца ў назіральнікі? Вось што адказваюць жыхары Віцебску.

«Так, я думаю, што трэба запісвацца як мага большай колькасці, каб не дапусціць фальсіфікацыяў».

«Я думаю, што не. Мне падаецца, неэфектыўна ўсё гэта».

«Гэта дазволіць людзям убачыць, як выбары адбываюцца насамрэч. А па-другое, гэта наблізіць людзей да палітыкі».

«Падазрэнне ёсць, што падтасоўваецца! Таму!»

Прэтэнзіяў да выбарчых працэдураў у айчынных і міжнародных назіральнікаў тры. Па-першае, выбарчыя камісіі, то бок тых, хто лічыць галасы, абіраюць мясцовыя ўлады. Па-другое, назіральнікі не кантралююць урны для датэрміновага галасавання, і гэта стварае магчымасць для ўкідаў. Па-трэцяе, камісія лічыць галасы на адлегласці, ды бюлетэняў назіральнікам не паказвае.

«Мы не можам сказаць, што бюлетэнь ад кандыдата А не падкладзены кандыдату C або D і што яны сапраўды падлічаныя. Кожны сябра камісіі лічыць толькі сваю маленькую частку. Працуе прынцып кругавой парукі. Нават сябры камісіі не ведаюць вынік па сваім участку», – распавядае ўдзельнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

Каб самастойна вылучыцца ў назіральнікі, трэба сабраць 10 подпісаў ад людзей, якія жывуць на выбарчым участку, і падаць гэтыя подпісы ва ўчастковую выбарчую камісію. Зрабіць гэта трэба не пазней як за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання, то бок да 28 ліпеня.

Аляксандр Папко, «Белсат»