Рыэлтары «падсунулі» гарадзенцу з інваліднасцю кватэру без газу і гарачай вады


Хацеў палепшыць жыллёвыя ўмовы, а ў выніку – сутыкнуўся з сітуацыяй, калі можа застацца без даху над галавой. Спроба зладзіць абмен кватэры праз агенцтва нерухомасці для гарадзенца з інваліднасцю скончылася судовымі разбіральніцтвамі. Бо, як высветлілася, аднапакаёўка, куды меўся пераехаць мужчына, аказалася без газу і гарачае вады.

Пераехаць з утульнай аднапакаёўкі па вуліцы Томіна ў Горадні інвалід Юрый Сінаеўскі вырашыў яшчэ два гады таму. Кватэра месцілася на першым паверсе, а таму мужчыне перашкаджаў пастаянны шум аўтаў і размовы мінакоў. На абвестку ў інтэрнэце аб абмене адгукнулася рыэлтарская фірма «Агенцтва добрых кватэраў», якая прапанавала за ганарар дапамагчы Юрыю прадаць ягоную аднапакаёўку ды набыць іншую.

«Калі мяне прывялі сюды, мне стала дрэнна. Я кажу – ці гэта кватэры? Гэта ж студыя. Гэта незразумела што. Ці ў ёй можна жыць? Газу тут няма. Калонка тут газавая», – распавядае Тамара Сінаеўская, маці Юрыя.

Пра тое, што газ правесці немагчыма, Юрый з грамадзянскай жонкай Аленай даведаліся ўжо пасля таго, як аформілі кватэру ды заплацілі грошы.

«Звярталіся ў Гаргаз. Сказалі – там нельга падлучаць газ. Таму што няма сценаў. Нельга ў кватэры спаць з газам адначасова, пакой каб быў з кухняй. Узводзьце сцены. А чаму новы ўладальнік мусіць несці затраты і будаваць новыя сцены? Навошта яму гэта патрэбна? Ён набываў сабе, хацеў гатовую кватэру», – кажа грамадзянская жонка Юрыя, Алена Варанко.

У хуткім часе сужэнства дазналася і пра іншыя праблемы хрушчоўкі-студыі з еўрарамонтам. Перапланіроўка была зробленая без зменаў у тэхпашпарце, а штрафы за парушэнне цяпер кладуцца на плечы новых уласнікаў. Да таго ж у кватэры адсутнічае гарачае водазабеспячэнне.

«Чалавека ўвялі ў падман… Не ўсе былі прадстаўлены дакументы аб тым, што была здзейснена незаконная перапланіроўка, няма дазволу. Далей што, газавай калонкі няма тут, водазабеспячэння тут таксама няма», – кажа прадстаўнік Юрыя па даверанасці, юрыст Яўген Жукаў.

Спробы звярнуцца ў агенцтва ды адмяніць здзелку праблемы не развязалі. Маці Юрыя адказалі, што, маўляў, мужчына ж бачыў, што набываў. Што праўда нашаму тэлеканалу ў «Агенцтве добрых кватэраў» сітуацыю апісалі іначай.

«Няўжо вы думаеце, што, калі б яна сапраўды была нежылая, то суддзя б там яшчэ такі час браў на разгляд справы? Наколькі мне вядома, там ёсць і газ, і вада. Ён купляў яе не праз нашае агенцтва», – запэўнівае юрыст Раман Смірноў з «Агенцтва добрых кватэраў».

Паводле «Агенцтва добрых кватэраў», здзелка датычылася толькі продажу кватэры на вуліцы Томіна, а праблемнае жытло Юры набываў самастойна. Цяпер праз суд маці мужчыны спрабуе давесці, што рыэлтары папросту скарысталіся даверам інваліда, якія мае псіхічныя асаблівасці ў развіцці, і адмыслова не аформілі дамовы.

«Гэта, кажа, у іх так практыкуецца – браць у кішэню без афармлення. Дзе, кажу, дамова на гэтую кватэру? У нас – бачыце як… Нават на судзе ён сказаў, што ў іх практыкуецца так», – кажа маці Юрыя.

Ці сапраўды ў гэтай сітуацыі мела месца махлярства разбіраецца і Пракуратура гарадзенскай вобласці. А пакуль ідзе разгляд справы ў судзе, Юрыя вярнуўся ў жытло на Томіна. Толькі вось, калі суд пастановіць вярнуць праблемную кватэру на Гагарына былому ўладару, мужчына будзе вымушаны чакаць сваіх грошай назад цягам 20 гадоў, а таксама – выселіцца з прададзенай кватэры на Томіна.

Юлія Лабанава, «Белсат»