Рыбалка на лёдзе – радасць і небяспека


З кожным днём робіцца заўважна цяплей. Калі ўначы яшчэ бывае мінусавая тэмпература, то ўдзень пад промнямі сонца снег імкліва растае. Аматары вудзіць рыбу з лёду, пакуль той канчаткова не растаў, намагаюцца паспець максімальна задаволіцца любімым хобі.

«Сёння ловіцца плотачка. І ўвогуле бярэ добра, лепей, чымся ўчора. Але сышоў лешч адзін вялікі».

«Цікавая лоўля, надвор’е добрае. Апошні лёд, так сказаць. Хутка растае. Таму мы, скажам так, ловім момант».

«Вядома, калі цёпла, добра ловіцца. Увесну і рыба актыўнейшая робіцца. Зразумела. Канечне, добра. Усім падабаецца», – кажуць рыбакі.

Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае: з 1-га сакавіка ў большасці вобласцяў краіны ўводзяць забарону на лоўлю шчупакоў, а з 1-га красавіка – на іншыя віды рыбы ў сувязі з іхным нерастам. Намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук лічыць такое абмежаванне апраўданым:

«У перыяд нерасту рыба вельмі актыўна трапляе на прынаду рыбакоў. Калі мы ў гэты перыяд не абмяжуем лоўлю, то гэта можа нанесці сурʼёзную шкоду папуляцыі рыбы».

Разам з тым эколагі збольшага станоўча ставяцца да аматарскай лоўлі рыбы зімой і напачатку вясны, бо рыбакі свідруюць у скутых лёдам вадаёмах палонкі, што спрыяе аэрацыі водных экасістэмаў ды перадухіляе замор рыбы з прычыны нястачы кіслароду. Зміцер Кучук, Намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя»:

«Мы як зялёныя лічым гэта дастаткова карысным, бо, калі рыбакі робяць лункі, у раку ці возера трапляе кісларод, і рыба не задыхаецца пад лёдам».

Але ўсім аматарам вудзіць рыбу на сакавіцкім лёдзе варта памятаць пра небяспеку. Паводле звестак Таварыства ратавання на водах, толькі сёлета ў Беларусі патанулі пяцёра чалавек. Летась за той жа перыяд пад лёдам загінулі 15 асобаў. Вадалаз менскай гарадской арганізацыі ТРВОД Арцём Дзядзеў рэкамендуе рыбакам-аматарам быць пільнымі на вясновым лёдзе:

«Трывалы лёд – гэта першы зімовы лёд. Ён становіцца вельмі хутка, яго шчыльнасць вельмі высокая, таму і нагрузку ён вытрымлівае высокую. Цяпер шмат на якіх вадасховішчах мы маем лёд да 30 сантыметраў, але з прычыны таго, што на лёдзе вада, лёд шмат разоў раставаў і замярзаў, мае пяці-шасціслойны пірог, нагрузка, якую ён можа вытрымаць, зніжаецца на 50-80 %. Можа здавацца, што лёд тоўсты, але ён імгненна ламаецца – і чалавек тоне».

Адмыслоўца раіць людзям, якія дагэтуль ходзяць вудзіць рыбу з лёду, не саромецца тэлефанаваць у ТРВОД і сачыць за актуальным станам лёду на сайце арганізацыі. Ён папярэджвае, што, паводле правілаў аховы людзей на водах, існуе забарона выходзіць на лёд, танчэйшы за 7 см. Але 7 см зімовага лёду і 7 см вясновага – гэта зусім розныя рэчы.

Гэткім чынам, вудзіць рыбу з лёду ўвесну не толькі можна, але і карысна для захавання папуляцыі рыбы. Разам з тым трэба быць абачлівым і асцярожным, каб не праваліцца пад крохкі вясновы лёд. Бо, як кажуць, у сакавіку хвастом рыба лёд разбівае.

Арцём Лява, belsat.eu