«Рух супраць Астравецкай АЭС» заклікае ўлады ўстрымацца ад запуску электрастанцыі

Не фарсіраваць запуску атамнай станцыі, а тройчы падумаць і параіцца з еўрапейскімі суседзямі – такі заклік да Беларусі прагучаў у Сейме Літвы. Зварот да кіраўніка нашай краіны склалі на першым сходзе грамадскай арганізацыі «Рух супраць Астравецкай АЭС».

«Ён хоча, каб Беларусь не знікла, і хоча граць у гэтым пазітыўную ролю кіраўніка. Мы і звяртаемся да кіраўніка з сяброўскім словам», – кажа ганаровы старшыня «Рух супраць Астравецкай АЭС» Вітаўтас Ландсбергіс.
Спыніць беларускі ядравы праект можна толькі тады, калі зменіцца ўлада ў Беларусі, упэўнены каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. А таму размаўляць варта не з Лукашэнкам.
«Трэба звяртацца да беларускага народу, трэба дапамагаць беларускаму народу змяняць уладу і спыняць расейскі вайсковы аб’ект у Беларусі – Астравецкую АЭС», – гаворыць каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.
Каб кожны беларус, і не толькі, мог далучыцца да пратэсту, была створаная Петыцыя аб спыненні Астравецкай атамнай электрастанцыі. Тэкст – на пяці мовах: літоўскай, англійскай, французскай, нямецкай і беларускай. Падпісаць петыцыю можна да 20 красавіка. 26-га – у гадавіну Чарнобылю – подпісы ўручаць Еўрапейскаму парламенту.
«Я быў бы вельмі рады, каб як мага больш беларусаў падпісалі гэтую петыцыю, каб яны як еўрапейцы выказалі сваю думку пра гэтую электрастанцыю», – падкрэслівае дэпутат сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс.
Каб замарозіць першы блок і не будаваць тры наступныя, патрэбныя грошы. На думку Анатоля Лябедзькі, вылучыць рэсурсы на кансервацыю можа Еўразвяз. Дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» падкрэслівае:
«Пасланнем для беларускіх уладаў было б і наша: вы не выстаўляйце рукі Пуціну, каб ён адзеў вам яшчэ адны дадатковыя кайданкі, давайце будзем размаўляць з Еўразвязам наконт перспектывы і магчымасці гэта замарозіць».
Адначасова галоўны крытык БелАЭС – Вільня – прапаноўвае нашай краіне энергетычныя альтэрнатывы, якія, на думку літоўскага прэзідэнта, дапамагаюць Беларусі ў перамовах з Расеяй.

Паводле Delfi.lt прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў:
«Нашае жаданне дапамагчы Беларусі захаваць суверэнітэт, прапаноўваючы энергетычныя альтэрнатывы, дазваляе спадару Лукашэнку размаўляць як раўнацэннаму партнёру з Пуціным. Калі б было інакш, то ён, не маючы альтэрнатываў, не вельмі мог бы нечага патрабаваць».
Астравецкую электрастанцыю будуюць за расейскі крэдыт і паводле расейскага праекту. Згодна з планам, першы блок станцыі маюць запусціць сёлета. Аднак дакладнай даты ўлады не называюць.
Анастасія Русецкая, «Белсат»
Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама