Рубель скочваецца ўсё ніжэй


Раніца пачынаецца з чаргі, у якую шыхтуюцца ахвочыя набыць валюту. Але праз дэфіцыт у абменніках долараў і еўраў шанціць не ўсім.

«Сёння ў трох банках была. Адзін з тэхнічных прычынаў зачынены. Другі не ведаю. Трэці таксама адмовіў».

«Сёння нібы ёсць тут, прадаюць, але ўчора нідзе не было».

«Долараў увогуле няма. Хацелі адпачыць, хацелі долары набыць, палову Магілёва аб’ездзілі і нават гэтай валюты не было», – кажуць наведнікі абменнікаў.

Тут хоць валюта і зʼявілася, але курс мяняецца: нават за той кароткі час, пакуль мы апытвалі наведнікаў банку.

«Узрос попыт на валюту, людзі хочуць зберагчы свае ашчаджэнні ў доларах. Таму ідзе націск на сістэму, і курс пачынае рэагаваць адпаведна», – тлумачыць сітуацыю Аляксандр Заяц, намеснік галоўнага рэдактара TUT.BY.

Паводле фінансавых аналітыкаў, цяпер набываюць валюту і людзі, і прадпрыемствы, і самыя банкі. Прычына такога попыту – чаканне дэвальвацыі (абясцэньвання беларускага рубля). Акрамя таго, насельніцтва актыўна здымае свае дэпазіты і ў рублях, і ў валюце. А гэта ў сваю чаргу яшчэ больш бʼе па фінансавым рынку.

«Калі даверыцца банкам, пакінуць там грошы, то няма гарантыяў, што валютныя ўклады не будуць замарожаныя або не будуць канвертаваныя ў рублі. З іншага боку, калі ўсе адначасова пабягуць у банкі за сваймі ўкладамі, банкаўская сістэма гарантавана ляжа і ўсе свае ўклады назад гарантавана не атрымаюць», – кажа Вадзім Іосуб, фінансавы аналітык «Альпары Еўразія».

Але ўжо і без гэтага, найгоршага сцэнара беларусы з кожным днём усё бяднеюць, бо праз падаражэнне замежных грашовых адзінак даходы ў валютным эквіваленце змяншаюцца, а імпартныя тавары даражэюць.

«Я пабяднеў на 50 еўраў. Калі мой заробак складаў 300, то цяпер недзе 250».

«370 рублёў я атрымліваю заробку. Вось і пераводзьце ў еўры: колькі гэта будзе? Капейкі!»

«357 рублёў у беларускіх. А еўра ж расце кожны дзень, таму што я магу сказаць».

«У мяне заробак 400 рублёў, канечне, скачок курсаў уплывае на нашае жыццё».

«У мяне сёння дзень народзінаў. І тое, што я набывала ў мінулым годзе, то сёлета за тыя ж грошы я набыла ўдвая меней ежы».

«Хочацца жыць, як ува ўсёй Еўропе людзі жывуць, але, на жаль, мы гэтага пазбаўленыя. І я падтрымліваю моладзь, якая хоча пераменаў», – кажуць магіляўчане.

І яшчэ больш захочуць пераменаў, бо цяперашняя палітычная напружанасць прывядзе да яшчэ большага эканамічнага крызісу.

«Калі рэжым будзе чапляцца за ўладу, то крах непазбежны. Адзінае выйсце – гэта змена ўлады», – кажа Вадзім Іосуб, фінансавы аналітык «Альпары Еўразія».

Паводле аналітыка, у выпадку змены кіраўніцтва краіны для Беларусі адкрыліся б магчымасці атрымаць танныя крэдыты ад міжнародных фінансавых арганізацыяў. А таксама прыйшлі б інвестыцыі ды замежная дапамога. Распачаліся б рэформы. І цягам некалькіх гадоў беларуская эканоміка аднавілася б.

Вольга Старасціна, «Белсат»