Розны тэніс беларусак на «Australian open»


Па-рознаму правялі свае матчы першага кола «Australian open» дзве беларускі. Вікторыя Азаранка нават не заўважыла на корце бельгійкі Элісан Ван Эйтванк, разграміўшы яе 6:0, 6:0, і ў другім коле згуляе з Данкаю Ковіныч з Чарнагорыі. А вось Вольга Гаварцова пакідае адзіночны разрад, саступіўшы немцы Тат’яне Мар’і 4:6, 3:6.

Не ўбачым мы далей і другой ракеткі свету Сімоны Халеп. Румынка на старце турніру сенсацыйна зазнала паразу ад кітаянкі Шу Ай Чжан 4:6, 3:6, якая ў сусветным рэйтынгу толькі на 133-ім радку. За гадзіну і 17 хвілінаў, праведзеных на корце, Сімона выканала адзін эйс і тры брэйкі ды ні разу не памылілася пры падачы. Халеп стала першаю спартоўкаю з далёкага 1979 года, якая не здолела пераадолець бар’еру першага раўнду «Australian open», будучы пасеянай у Топ-2.

Пакідае корты ў Мельбурне ў мужчынскім адзіночным разрадзе і пятая ракетка свету іспанец Рафаэль Надаль. Ён правёў напружаны пяцісэтавы матч, які працягваўся 4 гадзіны і 40 хвілінаў, са сваім суайчыннікам Фэрнандам Вэрдаскам, які ў рэйтынгу АТP на 44-ым месцы. У выніку Надаль капітуляваў 6:7, 6:4, 6: 3, 6:7, 2:6.