Роўпджампінг па-беларуску каля Гомля


Ва ўрочышчы Клёнкі, што каля Гомля, актывісты руху «За Свабоду» і арганізацыі «Наша Альтэрнатыва» зладзілі трохдзённы летнік. Мэта летніка шляхетная – папулярызацыя экалагічнай культуры і беларускай нацыянальнай сімволікі сярод моладзі. Для кожнага ўдзельніка летніку, які збіраў смецце на беразе Сажа, быў бонус – скок на бандажы з мосту.

«Гэта з’явілася гадоў 10 таму: неяк прыехалі менчукі паказалі як скакаць з мастапаказалі-навучылі – яно пайшло і з таго часу мы традыцыйна скачам і летам, і восенню, і зімою для нас няма розніцы», – кажа прадстаўнік руху «За Свабоду» Аляксей Атрошчанка.

Роўпджампінг – скокі на дынамічнай вяроўцы ці гумцы з мастоў, вежаў і скалаў – забава моладзі і аматараў адрэналіну. І, як бачым, у Беларусі таксама можна паказытаць сабе нервы такім спосабам.

«Я скачу, каб атрымаць экстрым, каб адпачыць. Тут проста адпачывае дух, тут адпачывае цела», – кажа Ігар Сапега.

За порцыяй адрэналіну і, каб выпрабаваць сябе ў свабодным палеце, прыязджаюць людзі таксама больш сталага ўзросту.

«Адчуванне выдатнае – the best – як кажуць. Трошкі памаладзеў. Трошкі моладзі паказаў, што старыкі могуць цуды рабіць. Ні адной жа моладзі скакаць з гэтага маста. Часам вельмі добра для сябе, для здароўя. Трэба толькі паліць кідаць», – распавядае Барыс Аніееў.

Да экалагічнага летніку можа далучыцца кожны ахвотны, ладзіцца ён за кошт арганізатараў: удзельнікаў забяспечваюць ежаю, намётамі ды рыштункам.

У планах арганізатараў правядзенне сёлета яшчэ двух падобных мерапрыемстваў. Гэтым разам у летніку ўзялі ўдзел 40 чалавек, некаторыя з іх даведаліся пра такі актыўны адпачынак праз сацыяльныя сеткі.

«Пабачыў у кантакце, што была акцыя, прыехаў, сабраліся, зрабілі добрую справу, прыбралі бераг, самому прыемна, усе ж такі ў Беларусі жывем, для сябе, для дзяцей. Проста ў нас людзі тут свінні есць, рэальна кідаюць усе гэта, непрыемна. Навошта кагосьці чакаць, калі можна самому гэта ўзяць і зрабіць – гэта ж наша зямля», – кажа ўдзельнік летніку Сяргей Сцепанец.

Таму для гомельскіх актывістаў роўпджампінг яшчэ і сродак для заангажавання новых людзей да грамадскай актыўнасці.