Аб'ектыў 06.07.2019 Чаму Лукашэнка пусціў прыватызацыю пад нож?


Закон дзеіць дасюль, але ўдзел звычайных грамадзянаў у акцыянерным капітале айчынных прадпрыемстваў па-ранейшаму мізэрны. Апазіцыя вінаваціць у гэтым Аляксандра Лукашэнку, які, маўляў, абрабаваў людзей, ня даўшы паўнавартасна скарыстаць чэкаў.

Улады кажуць, што, наадварот, затармазіўшы працэс, яны перадухілілі масавае ашуканства. Як жа адбывалася справа і на што можна скарыстаць чэкі «Маёмасць», якія засталіся ў некаторых з нас?

Закон аб іменных прыватызацыйных чэках прадугледжваў выпуск двух тыпаў каштоўных папераў. Чэкі «Жыллё», за якія людзі маглі аформіць прыватную ўласнасць на свае кватэры. І чэкі «Маёмасць», якія давалі права на акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Агулам паміж грамадзянамі планавалася падзяліць дзве траціны заводаў, што засталіся нашай краіне ў спадчыну ад Савецкага Саюзу.

«Мы, апазіцыя БНФ, планавалі, што гэтая маёмасць будзе рэальнаю, што гэта будуць тысячы долараў. У тых цэнах», – распавядае тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савету Юрась Беленькі.

Чэкі «Маёмасць» грамадзяне маглі мяняць наўпрост на акцыі заводаў або набыць за іх долю ў адмысловых фондах, якія інвеставалі ў некалькі прадпрыемстваў і дзялілі паміж дольнікамі дывідэнды ад усяго партфеля. Агулам, паводле выдання «Белорусы и рынок», з 1994 да 1997 года ўлады раздалі 60 % ад выпушчаных чэкаў (шмат хто не захацеў або не паспеў іх атрымаць, бо для гэтага трэба было адмыслова звяртацца ў адпаведныя органы). З раздадзеных чэкаў беларусы скарысталі таксама прыблізна 60 %. На гэтыя чэкі былі прыватызаваныя такія буйныя прадпрыемствы, як «Спартак», «Камунарка» і «Керамін».

«Вельмі важным аспектам было тое, што памяняць псіхалогію людзей. Бо чалавек, пазбаўлены маёмасці, і чалавек з маёмасцю – гэта розныя людзі. Чалавек, калі мае маёмасць, ён дбае пра яе, ён можа ноч не спаць», – згадвае экс-дэпутат.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі быў узяты курс на згортванне прыватызацыі. Пераважная бальшыня дзяржаўных прадпрыемстваў была абвешчаная стратэгічнай, і абмен іх акцыяў на чэкі «Маёмасць» быў забаронены. Спіс прадпрыемстваў, чые акцыі можна набыць за прыватызацыйныя чэкі, грамадзянін можа спраўдзіць у аддзяленні «Беларусбанку» паводле месца жыхарства (кожнае аддзяленне мае свой спіс). Але гэтыя прадпрыемствы – малапрывабныя для ўкладанняў, тлумачыць інвестыцыйны кансультант Валянцін Лопан.

«Маё ўласнае меркаванне – у тым, што гэтыя паперы амаль нічога цяпер не каштуюць. Бо ў «Беларусбанку» ёсць спіс тых прадпрыемстваў. У мяне ёсць нейкае адчуванне, што тыя прадпрыемствы, можа, амаль што ўжо і не жывыя. Або прыбытку не зарабляюць», – тлумачыць адмысловец.

Тыя, хто паспеў набыць за свае чэкі акцыі ды прадаць іх буйному інвестару яшчэ ў 1990-х, збольшага паспелі зарабіць, тлумачыць адмысловец. З тых жа, хто дачакаўся рэнацыяналізацыі прадпрыемстваў дзейнай адміністрацыяй, шмат хто прагадаў. Іхныя акцыі абясцэніліся праз заняпад прадпрыемстваў, кіраваных чыноўнікамі, або былі размытыя дадатковымі дзяржаўнымі эмісіямі акцыяў.

«Размыванне акцый. У іх ёсць такія хітрыя хады, як у апошнім выпадку было. Там пра нейкі будтрэст ішла гутарка, што яны там унеслі нейкую маёмасць, якую нехта ацаніў на мільёны – не жывыя грошы», – апісвае Лопан тыповы прыклад абясцэньвання пакетаў мінарытарыяў.

Улады абараняюць сваю пазіцыю тым, што паўнавартасная чэкавая прыватызацыя прывяла б да канцэнтрацыі капіталу ў руках некалькіх алігархаў, якія б выводзілі грошы з краіны. Дэпутат Вярхоўнага Савету Юрась Беленькі аспрэчвае гэта, указваючы на масавы тагачасны інтарэс да беларускіх прадпрыемстваў з боку высокатэхналагічных міжнародных інвестараў. Дзеянні ж уладаў ён тлумачыць імкненнем узмацніць палітычны кантроль над краінай і жаданнем праварочваць праз дзяржаўныя прадпрыемствы карупцыйныя схемы: даваць сваім афіляваным фірмам зарабляць на пастаўках стратным заводам і пакрываць гэтыя страты з бюджэту.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары