Рост коштаў на цягнікі ўдарыць па рэгіёнах


Чарговае падвышэнне цэнаў за карыстанне транспартам. Гэтым разам – чыгуначным. Ад сённяшняга дня на шэсць адсоткаў даражэюць квіткі на цягнікі гарадскіх лініяў. А ўжо з 1 красавіка кошт праезду рэгіянальнымі і міжрэгіянальнымі цягнікамі падскочыць практычна на траціну!

Самое па сабе падаражэнне праезду цягніком нікога ўжо ня дзівіць. Але навошта падымаць кошты квіткоў гэтак рэзка?

Паводле пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, квіткі на праезд цягнікамі рэгіянальных лініяў, лініяў бізнэс-класу і міжрэгіянальных з 1-га красавіка падаражэюць на 24 і 32 адсоткі, адпаведна. На гэтым фоне шасціадсоткавае падаражэнне квіткоў на цягнікі гарадскіх лініяў выглядае проста мізэрным.

«У прынцыпе, зараз чыгуначны транспарт вельмі даступны. З’ездзіць з Менску ў Гомель на швейцарскім цягніку будзе каштаваць столькі ж, колькі праехацца на Уберы па тым жа Менску. У пасажырскіх чыгуначных перавозак вельмі нізкая рэнтабельнасць – каля 20%. У той час як у грамадскага транспарту – 50, 60, 70% у залежнасці ад віду транспарту. З іншага боку трэба разумець, што амаль ва ўсіх краінах свету грамадскі транспарт з’яўляецца датацыйным», – кажа аналітык Антон Раднянкоў.

Цікава, што апошні раз кошт на квіткі ў чыгуначным транспарце павышалі яшчэ ў 2015-ым годзе. Гэтым і можа быць абгрунтаванае цяперашняе рэзкае падаражэнне праезду ў цягніках.

У пачатку сакавіка кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўраду на пытанне коштаў. А яшчэ раней нават патрабаваў, цытата, «здымаць галаву вінаватым у іх павышэнні».

Непрыемная неспадзяванка

Варта адзначыць, што раней розгалас набыла яшчэ адная транспартная справа – цяжкасці ў працы міжгародніх маршрутак. Дасюль некаторыя маршруты працуюць з цяжкасцямі або спынілі працу ўвогуле. Адпаведна, узрос попыт на паслугі чыгункі. І тут пасажыраў напаткала яшчэ адная непрыемная неспадзяванка.

«Канешне ж, гэта будзе балюча. Калі б у Беларусі расла эканоміка, раслі б заробкі, то такое павышэнне коштаў было б не так заўважнае для кожнага беларуса. Калі ж мы бяднеем, заробкі змяншаюцца, працу знайсці цяжка, шмат хто ездзіць з аднаго маленькага гораду ў другі маленькі горад проста каб там працаваць хоць за нейкія грошы – працаваць за ежу, што называецца. І гэта асабліва важна для рэгіёнаў. То такія змены могуць быць заўважнымі», – мяркуе Антон Раднянкоў.

Чыгунка ў Беларусі – даволі якасны, хоць і сацыяльны від транспарту, у той час як у Заходняй Еўропе яна носіць характар камунікацыі прэміум-класу. Аднак Беларускай чыгунцы варта працаваць над аптымізацыяй сваіх маршрутаў ды новымі падыходамі ў арганізацыі руху цягнікоў, каб павысіць прывабнасць чыгуначнага транспарту і, адпаведна, яго рэнтабельнасць.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»