Рэжым Лукашэнкі асудзіў беларусаў на 227 гадоў зняволення


Праваахоўная сістэма Беларусі цалкам пераўтварылася ў фабрыку рэпрэсіяў. За няпоўныя пяць месяцаў мінулага года ў Беларусі было затрымана больш за 25 тысячаў чалавек. Яны правялі за кратамі больш як 227 гадоў і выплацілі дзяржаве амаль 700 тысяч долараў штрафаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» падвёў сумныя вынікі паслявыбарчага перыяду.

Ежа, вопратка, сродкі гігіены. Гэтыя рэчы Вераніка прывезла мужу ў ізалятар на Акрэсціна. Увечары 5-га студзеня ён выйшаў па хлеб і не вярнуўся. Яго затрымалі каля дому ва Уруччы падчас аблавы. Чацвер – адзіны дзень на тыдзень, калі ў ізалятары прымаюць перадачы для зняволеных. Аднак сёння прыём адмянілі. Нібыта з-за ковіду.

«Гэта край, мы ўжо зразумелі, што ў Беларусі дна няма, і прабіваць яго можна бясконца. Але хаця б недзе чапляцца можна, за нейкія скалы. Гэта проста сваволя», – абураецца жонка зняволенага.

Паводле праваабаронцаў, пасля затрыманняў 5-га студзеня адбыліся 26 судовых паседжанняў. Справы дзевяці чалавек з-за нізкай якасці падрыхтоўкі суды адправілі на дапрацоўванне ў РУУС. Тым часам саміх затрыманых не адпусцілі. Міліцыянты могуць іх утрымліваць 72 гадзіны.

«Цяпер шмат выпадкаў, калі людзей затрымліваюць на 72 гадзіны. Гэта трое содняў. А потым суд вырашыць пакараць яго штрафам. І фактычна чалавек атрымлівае падвойнае пакаранне», – падкрэслівае Наталля Сацукевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Між тым, блізу 20-ці ўдзельнікаў «Маршу мудрасці», які адбыўся 14 снежня, атрымалі пазовы ў суды. Тады за карагод каля елкі затрымалі каля сотні чалавек. Пасля некалькіх гадзінаў у РУУС большасць адпусцілі. Чатыры чалавекі трапілі на Акрэсціна, былі асуджаныя і пакараныя штрафамі. Адна з затрыманых – кіраўніца саюзу пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко ўпэўненая:

«Мяркую, што гэта подласць іхная. Яны хаця б так, але подленька, каб сядзелі дома і маўчалі. Іх злуе тое, што людзі, якія, як яны думалі, што гэта наш электарат, і што мы скажам, тое яны будуць рабіць. А тут яны маюць нахабства выйсці на вуліцу і чымсьці быць не задаволенымі. Мы ж ім нават пенсію плацім».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў статыстыку пратэстаў. За няпоўныя пяць паслявыбарчых месяцаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя звыш 25-ці тысяч асобаў. Больш за 1000 з іх затрыманыя двойчы ці тройчы. Беларускія суды агулам вынеслі амаль 7000 пастановаў аб арыштах і 4000 аб штрафах. Папярэджанняў было ўсяго 87, а спыненых справаў – каля 20-ці. Агулам беларусы правялі за кратамі каля 83 000 содняў, ці 227 гадоў, і выплацілі дзяржаве амаль 1 мільён 800 тысячаў рублёў штрафаў.

«Тыя лічбы, што мы бачым цяпер, яны ў дзясяткі разоў, у тысячы разоў большыя, чым гэта было раней. Калі зрабіць геаграфію рэпрэсаваных, канечне, большая частка рэпрэсаваных з Менску, але ў кожным горадзе Беларусі ёсць выпадкі рэпрэсіяў. Гэта сведчыць аб тым, што там таксама была пратэставая актыўнасць», – адзначае Наталля Сацукевіч.

Паводле праваабаронцаў, пры затрыманнях былі збітыя звыш 380 чалавек, шпіталізаваныя каля чатырохсот дзевяноста. Не менш за 10 чалавек атрымалі агнястрэльныя раненні, і 5 чалавек былі забітыя. Між тым, ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў не заведзена.

«Гэта жахлівыя лічбы. Яны вельмі добра адлюстроўваць і маштабы пратэстаў, якія адбываюцца на Беларусі, і маштабы рэпрэсіяў, якія адбываюцца ў дачыненні людзей», – падкрэсліла прадстаўніца цэнтру «Вясна».

Крымінальныя справы заведзеныя і на нашых калегаў – журналістак Кацярыну Андрэеву, Дар’ю Чульцову і Кацярыну Барысевіч. Іх і яшчэ 169 чалавек праваабаронцы прызналі палітзняволенымі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў