Аб'ектыў 05.06.2018 «Рэстарацыя на костках» не адчынілася. Актывісты працягваюць абарону Курапатаў


Варта ад ранку да вечара, «жывы шчыт» на ўваходзе і вядома ж – выклікі міліцыі. Пратэсты ля Курапатаў набылі новую моц у сувязі з анансаваным сёння адкрыццём рэстарацыі «Паедзем паядзім».

Чарговую акцыю ў абарону Курапатаў актывісты традыцыйна распачалі апоўдні. На асфальце насупраць уязной брамы ў рэстарацыю ўдзельнікі напісалі вугалем: «Шынок на костках! Паямо?»

«Вугаль – гэта сімвал пекла, папялішча, нашых лёсаў, лёсаў нашай краіны, людзей тут пахаваных, мы іхныя нашчадкі», – кажа актывістка Вольга Мікалайчык.

На актывістаў выклікалі міліцыю, якая гэтым разам затрымліваць нікога не стала. Ужо неўзабаве надпіс змылі, бо, як аказалася, сёння а 15-ай гадзіне было запланаванае адкрыццё рэстарацыі.

«Я пытаю: а чаму вы адчыняецеся? Тут крыжы побач, тут Курапаты, тут расстрэльвалі ў патыліцу людзей і вельмі шмат бязвінных людзей, як можаце? Да ахоўніка, у яго на шыльдачцы было напісана Дзіма. Ён кажа: а што тут такога?», – абураецца рэжысёр Аляксей Туровіч.

Спроба знайсці агульную мову ў рэжысёра фільму «Жоўты пясочак», які паводле аднайменнай аповесці Быкава распавядае пра расстрэлы ў Курапатах, не ўдалася – не толькі з ахоўнікам, але і з іншым працаўніком установы.

Чаму не знеслі незаконную пабудову?

Суразмоўца ў аўтамабілі адзначыў, што ўсе прэтэнзіі мусяць быць да ўладаў, якія дазволілі будаўніцтва. І сапраўды, аб’ект, які першапачаткова пракуратура гораду пастанавіла знесці, дабудавалі, бо Міністэрства культуры скасавала межы абарончай зоны ўрочышча на 50 метраў.

«Рэстарацыя з выглядам на крыжы курапацкія. Але хто ім сказаў, што тут не на костках? Калі гэтая дарога будавалася, машынамі вывозілі косткі. Тут і справа, і злева ад гэтай дарогі косткі. Тут масіў костак», – кажа грамадская актывістка Ніна Багінская.

Што праўда, адчыніць браму працаўнікі рэстарацыі гэтак і не наважыліся, гэтак жа, як і выйсці на кантакт з пратэстоўцамі, якія паўсталі ў жывы ланцуг насупраць уязной брамы з самаробнымі мішэнямі ды не прапускалі ўсярэдзіну ўстановы аўтамабілі, што прыбывалі.

«Я заклікаю спадара Лукашэнку хутчэй спыніць гэты гвалт, спыніць гэтае злачынства. Яму хутка ісці на той свет, яму не так шмат засталося, яму ўжо колькі гадоў? Навошта браць такі грэх на сваю душу?», – запытваецца актывістка Ганна Шапуцька.

Пакуль актывісты трымалі варту ля рэстарацыі, брамы для наведнікаў гэтак і не адчынілі. Тым не менш працаўнікі ўстановы паабяцалі пратэстоўцам абавязкова адкрыцца. Супрацьстаянне чакаецца і заўтра. На 12-ую гадзіну запланаваны працяг варты, а а 18-ай актывісты абяцаюць зладзіць паэтычную абарону ўрочышча.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары