Як узмацняюць рэпрэсіі: неабходнасць зменаў у заканадаўства тлумачаць вонкавай і ўнутранай пагрозай


Дастаўлялі боепрыпасы і выбухоўку, каб падарваць дамы і вуліцы. Аднак спецслужбы перадухілілі чарговую пагрозу для нацыянальнай бяспекі, пахваліўся Аляксандр Лукашэнка.

Вонкавай і ўнутранай пагрозай цяпер тлумачаць неабходнасць неадкладных зменаў у нацыянальнае заканадаўства – «у сувязі з унутрыпалітычнай сітуацыяй».

«У нас у жніўні вырашылі зрабіць бліцкрыг. Імгненна скінуць уладу, ці паказаць, што ўлада пала, каб увесці сюды натаўскія войскі!», – кажа Лукашэнка.

Каб не пусціць натаўскія танкі ў Беларусь, улады плануюць яшчэ да красавіка ўнесці змены ў Крымінальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, а таксама ў выбарчае ды працоўнае заканадаўства краіны.

«Каб надаць усяму гэтаму беззаконню выгляд законнасці. Безумоўна ёсць артыкулы якія вельмі проста нацягваюцца на любыя не супрацьпраўныя дзеянні людзей, што мы бачым па шматлікіх бягучых крымінальных справах», – упэўнены палітолаг Юрый Чавусаў.

Два тыдні таму Лукашэнка ўжо прыняў змены ў кодэкс аб Адміністратыўных правапарушэннях. Між іншага, ягоная новая рэдакцыя ўзмацніла пакаранне за ўдзел у пратэстах – нават да дзвюх тысяч дзевяцісот рублёў і, фактычна, забараніла нацыянальную сімволіку.

Алесь Баразенка, belsat.eu