Рэпрэсіі супраць усіх, як спосаб «перагарнуць старонку»


Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, толькі сёння ў Беларусі на акцыях пратэсту затрымалі больш за 100 чалавек. У нядзелю лік затрыманых перавысіў 500, большасць пакінулі за кратамі. Пад гарачую руку міліцыянтаў траплялі і выпадковыя мінакі, і журналісты, якія асвятлялі падзеі. Што думаюць пацярпелыя ад рэпрэсіяў, ці збіраюцца яны спыніцца, змірыцца і «перагарнуць гэтую старонку»?

У Магілёве на свабоду выйшаў вядомы медык Андрэй Вярбіцкі. Высокакваліфікаваны рэнтгенолаг правёў у ізалятары часовага ўтрымання агулам 26 дзён. Там цяжка хварэў. Сёння таксама маглі пасадзіць, але суддзя Аксана Ратнікава, якая разглядала трэцюю адміністратыўную справу за ўдзел у мірных пратэстах, дала штраф – 540 рублёў.

«Ёсць, на жаль, чалавек у Ленінскім РУУС Магілёва, які, падобна, атрымлівае ад гэтага задавальненне. Бо ўсе эпізоды былі вядомыя раней, але ён прыносіць (пратаколы) па аднаму», – усміхаецца Андрэй Вярбіцкі.

«Ягоная жонка цяпер захварэла, і дзіцё захварэла. Таму ўсе вельмі чакалі вызвалення. Але мы вельмі рады. Хаця б так. На судзе мы не змаглі прысутнічаць, бо перанеслі час і не напісалі пра гэта, і ў іншым судзе судзілі, таму мы прыйшлі практычна на абвяшчэнне выраку», – кажа цешча Андрэя Вярбіцкага Марына Калініна.

Першы раз Вярбіцкага затрымалі 27-га верасня на Мірным маршы. Медыку разбілі галаву і завезлі з міліцыі ў шпіталь. Праз 2 дні, калі Андрэй Вярбіцкі ехаў здымаць пабоі ў судмедэксперта, затрымалі паўторна.

«Цяпер так сістэма працуе, што гэта можа закрануць кожнага чалавека», – кажа Вярбіцкі.

У Менску суддзя Першамайскага раёну Таццяна Ліннік аштрафавала Васіля Хамутоўскага, які ў складзе нацыянальнай футбольнай зборнай абараняў гонар Беларусі, стоячы на браме, і падпісаў вядомы ліст спартоўцаў супраць міліцэйскага гвалту.

У тым жа судзе адразу 20 дзён арышту атрымаў Мікіта Зубовіч, мянчук, затрыманы ўчора на вуліцы Сурганава. Суддзя Максім Трусевіч прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах і ў непадпарадкаванні міліцыі. На відэа-злучэнні было бачна, што Мікіта збіты, у яго гематома пад вокам.

«Я літаральна гадзіну таму размаўляў з адвакатам, будзем падаваць скаргу і спрабаваць скараціць тэрмін, бо 20 дзён гэта зашмат», – кажа брат Мікіты Арцём Зубовіч.

У Паставах Віцебскай вобласці сёння судзілі нашага калегу з Глыбокага, журналіста Змітра Лупача. За працу над сюжэтам пра каталіцкага ксяндза з вёскі Варапаева, якога ўлады выслалі з Беларусі з палітычных прычынаў.

«Мяне больш за 2 гадзіны пратрымалі ў Пастаўскім РАУСе. Я лічу, гэта каб ніхто не змог патрапіць да мяне на суд. Суддзя Анатоль Карытка прысудзіў 40 базавых велічынь штрафу – 1080 рублёў», – распавёў Зміцер Лупач.

Сёння ж у Менску на свабоду выйшла журналістка Алена Доўнар, якая сядзела ў ізалятары на Акрэсціна, а потым у Жодзіна і Баранавічах цэлы месяц – з Жаночага маршу 26-га верасня.

«Гэтыя 30 дзён арышту, асабліва калі я павінная была выйсці, а мне кажуць, што яшчэ адзін пратакол, і мне гэта было вельмі цяжка, хацелася здацца… Але нейкія сілы з’яўляюцца і разумееш, што трэба трымацца», – кажа Алена, стоячы з кветкамі каля ізалятару.

А ў Горадні сёння мусілі судзіць вядомага гісторыка і тэлевядоўцу Алеся Краўцэвіча, затрыманага ўчора за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Пад зваротам з патрабаваннем вызваліць прафесара Краўцэвіча падпісаліся 60 прадстаўнікоў гарадзенскай інтэлігенцыі.

«Сёння да навукоўцаў сталі далучацца дзеячы культуры – Валер Мазынскі, Алесь Пушкін, Генік Лойка. А таксама ёсць даследчыкі гісторыі з Польшчы і Украіны ў прыватнасці», – распавёў «Белсату» прафесар Алесь Смалянчук.

Але суд Кастрычніцкага раёну разгледзіць справу Краўцэвіча толькі заўтра раніцаю.

Яраслаў Сцешык belsat.eu