Рэпрэсіі супраць студэнтаў узмацняюцца

Адлічаным студэнтам, якія хочуць з’ехаць за мяжу, Лукашэнка паабяцаў «выпісаць квіткі». Але папярэдзіў: у Беларусі замежных дыпломаў больш прызнаваць не будуць. Сёння па беларускіх ВНУ прайшла новая хваля адлічэнняў і звальненняў. Якая сітуацыя ва ўнутраных дворыках універсітэтаў?

Аўтазак ля ўваходу ў лінгвістычны ўніверсітэт – карціна для студэнтаў і выкладчыкаў ужо звыклая. Раней прыязджалі з нагоды масавых акцыяў пратэсту, цяпер – дзяжураць з самага ранку. На змену затрыманням – прыйшлі звальненні. Сёння страцілі працу 4 выкладчыкі. Сярод іх Наталля Дуліна, якая заклікала калег і студэнтаў страйкаваць максімальна публічна.

«Пра гэта павінны ведаць усе, таму што гэта будзе стымулам для тых, каго мы падтрымліваем, – гэта дзяржаўныя прадпрыемствы, на якіх трымаецца эканоміка нашай краіны. І яны, сапраўды, павінны быць пачутыя. А мы іх тыл. І таму мы павінны ўстаць і дапамагчы ім» – казала былая выкладчыца МДЛУ.

Не зважаючы на рэпрэсіі, спыняць пратэсты працаўнікі ўніверсітэту не збіраюцца. На дадзены момант да страйку далучыліся каля 30-ці выкладчыкаў.

« Для нас страта працы – гэта другараднае пытанне. Для нас нашмат важнейшая ўся сітуацыя, якая адбываецца ў нас у краіне. Усе мы вельмі любім сваю працу і вельмі любім студэнтаў. І калі б мы не адчувалі падтрымкі студэнтаў, гэта было б проста нерэальна зрабіць» – казаў Аляксей Правалоцкі, выкладчык МДЛУ
Падтрымліваюць страйк ва ўніверсітэце не толькі студэнты і выкладчыкі, але і бацькі навучэнцаў.

«Мае бацькі ў курсе. І, на шчасце, мяне падтрымліваюць. Мама часта ходзіць са мной на рознага роду мерапрыемствы пратэставыя. І тата таксама» – казала Таццяна Друзенка, студэнтка МДЛУ.

«Я вельмі перажываю. Натуральна, не без гэтага. Але сядзець склаўшы рукі я не магу. Не магу рабіць выгляд, што я абыякавая да таго, што адбываецца. Таму я раблю ўсё, што ў маіх сілах» – казала Марыя Тугай, студэнтка МДЛУ.

Сваё месца ва ўніверсітэце ўжо страціла Варвара Грынюк з Горадні. Шпіталізацыю пасля суровых затрыманняў АМАПам адміністрацыя ВНУ палічыла непаважнай прычынай для пропуску заняткаў.

«Мяне адлічылі ў той жа дзень, калі я паклалася ў бальніцу. Фармальна мне напісалі, што мяне адлічваюць за пропускі без паважных прычынаў. Хоць у дэканаце ведалі, што ў мяне праблемы са здароўем, і што я пачынаю лячэнне» – казала Варвара Грынюк, адлічаная студэнтка ГрДУ.

Выганяюць з універсітэтаў і будучых медыкаў, якія адмаўляюцца маўчаць. Адміністрацыя БДМУ ўжо падпісала загад аб адлічэнні 20-ці студэнтаў. Вось толькі пратэст ад гэтага цішэйшым не стаў.

«Я не разумею, як будучы лекар, як можна ігнараваць гвалт у краіне, як можна аб гэтым маўчаць. Я гэтага не разумею і не хачу разумець» – казала Паліна Каржанеўская, адлічаная студэнтка БДМУ.

Падтрымаць студэнтаў, якіх адлічылі за іхную грамадзянскую пазіцыю, а не абыякавае стаўленне да вучобы, прыйшлі сёння нават выкладчыкі. Яны не баяцца, што заўтра за гэта іх могуць таксама звольніць.

«Сярод выкладчыкаў большасць падтрымлівае нашых студэнтаў. Не ўсе гатовы гэта адкрыта выказаць, але зараз падрыхтаваны адкрыты зварот да рэктарату. Яго на дадзены момант падпісала больш за 100 выкладчыкаў. І калі студэнтаў не адновяць, будзе працяг гэтага звароту. Будуць больш радыкальныя меры: ці страйк, ці масавае звальненне выкладчыкаў» – казаў Мікіта Салавей, выкладчык БДМУ.

Падтрымаць смелых студэнтаў-медыкаў да будынку ўніверсітэту прыйшлі некалькі соцень чалавек. Хутка да іх прыехалі і аўтазак, і бусік з танаваным шклом. Зрэшты, акцыю салідарнасці гэта не спыніла.

Міхаіл Прановіч «Белсат»

Глядзі таксама