Рэпрэсіі працягваюцца


Што ні дзень, то новыя штрафы і содні арышту. Пераслед удзельнікаў сустрэчаў з блогерам Сяргеем Ціханоўскім працягнуўся і сёння.

Нарэшце, на волі. Сёння з магілёўскага ізалятару пасля 10-дзённага арышту выйшаў мясцовы журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў-малодшы. Асуджаны нібыта за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася яшчэ 6-га траўня якраз пад сценамі ізалятару, увесь тэрмін зняволення ён правёў у адзіночнай камеры.

«Гэта мэтанакіраваная акцыя супраць, у прыватнасці, праваабаронцаў і журналістаў, якія загуляліся ў ліберальнасць і дэмакратыю. І гэта добрая пстрычка напярэдадні выбарчай кампаніі, якая ўжо, у прынцыпе, пачалася», – кажа Аляксандр Буракоў-малодшы.

А ў Віцебску пасля 4-дзённага арышту паводле аналагічнага абвінавачвання на волю выйшаў мясцовы жыхар Аляксандр Мацяюк. Усё абвінавачванне базавалася на міліцэйскіх здымках, на якіх відаць, як Мацяюк папросту сядзіць на лаўцы.

«Я не разумею, што яны чыняць і навошта. Ці тое баяцца, ці тое ім ужо пляваць. Але гэта іхная справа: кожны адкажа за свае ўчынкі. Я ведаю, што я нічога дрэннага не зрабіў. Усё, што я рабіў, мне дазваляе 33, 34, 35 і нават 36 артыкулы Канстытуцыі. Канстытуцыя мае першынства. Чаму гэта не ўлічваецца? Ані суддзём, анікім. Яна папросту зачытала – судзілішча!» – абураецца Аляксандр Мацяюк.

Зрэшты, судовы канвеер у Віцебску сёння не адпачываў. 675 рублёў штрафу за ўдзел у сустрэчы з Ціханоўскім суддзя Юрый Урбан даў мясцовай жыхарцы Дар’і Юрчанцы. 18 траўня маладая жанчына ўжо была аштрафаваная за акцыю кармлення галубоў: тады суддзя Алена Цыганкова таксама дала абвінавачанай штраф – 540 рублёў.

«Гэта вялікая сума для нашых рэаліяў. У прынцыпе, 540 рублёў адразу не заплаціш, і пагатоў – калі аніхто не дапамагае. І як нам жыць? Я не ведаю, дзе грошы на ежу ўзяць. Штодня працуеш, за ўсё заплаці – а тут яшчэ і штраф заплаці!» – кажа са скрухаю Дар’я Юрчанка.

10 содняў арышту атрымаў віцебскі актывіст Аляксей Прохараў – за ўдзел у акцыі кармлення галубоў 3 траўня. Таксама праваабаронцам стала вядома, што яшчэ 20 траўня ў Менску на 8 содняў арышту быў асуджаны актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш, затрыманы 19 траўня ў Вярхоўным Судзе, дзе адбывалася абскарджанне нерэгістрацыі «кандыдатаў пратэсту».Тады ж затрыманага Дзмітрыя Місюка пакаралі штрафам 405 рублёў за непадпарадкаванне міліцыі.

Валера Руселік, «Белсат»