Рэпрэсіі працягваюцца: у Віцебску – штрафы, у Берасці – краты


Рашэнне пакінуць без зменаў. Усяго тры хвіліны спатрэбілася суддзі Менскага абласнога суду, каб разгледзець скаргу старшыні руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча на незаконны арышт, які той надалей адбывае ў Маладзечна. А тым часам, спіс рэпрэсаваных за ўдзел у акцыях пратэсту, папаўняецца.

26-га лютага адбыўся Марш абураных беларусаў у Віцебску. Тады, у адсутнасць лідараў апазіцыі, ролю нефармальнага лідара акцыі ўзяла на сябе прадстаўніца партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец. А сёння расплата – суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў актывістку на Br 1150. Самая спадарыня Севярынец кажа, што, ведаючы, як нейтралізуюць лідараў у рэгіёнах, рыхтавалася да арышту.

«Аж тры торбы назбірала. (смяецца) І вады, і крэм. І нават хлеб з салам. Каб пасля родных сваіх не напружваць, а спакойна адседзець».

У тым жа судзе Віцебску пакаралі яшчэ аднаго ўдзельніка Маршу

19-ці гадовы Кірыл Татарэвіч не ўваходзіць ні ў якія апазіцыйныя структуры і першы раз у жыцці выйшаў на пратэст. Кара для яго – штраф памерам Br 690.

Берасцейцам пашанцавала менш

Лідара пратэстаў на Берасцейшчыне, Аляксандра Кабанава, які ўжо адбываў раней арышт 5 содняў нібыта за хуліганства і брыдкаслоўе, сёння суд у горадзе Бяроза зноў адправіў за краты на 10 содняў. За ўдзел у акцыі 5-га сакавіка ў Берасці. За тую ж акцыю, таксама на 10 содняў адправілі сёння і іншага ўдзельніка Андрэя Марача. Які ўжо адседзеў раней 5 содняў.

Міліцыя мае адмысловы чорны спіс

Баяцца ўлады не толькі актыўных удзельнікаў пратэстаў, але і людзей, якія асвятляюць іх ці сочаць за законнасцю падчас акцыяў. Фрунзенскі суд Менску адправіў за краты на 13 содняў былога следчага, праваабаронцу Алега Волчака. А падчас працэсу над ім высветліліся, што існуе адмысловы «чорны спіс» актыўных беларусаў.

«У міліцыі ёсць картатэка ці база дадзеных людзей, якіх трэба арыштоўваць. І вось супрацоўнік міліцыі фактычна сказаў, што такі чалавек як Алег Волчак ёсць у нашай базе. Таму на яго трэба складаць пратакол. Яны гэта зрабілі і адкрыта заявілі пра гэта на судзе», – сведчыць Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда.

Не толькі арыштоўваюць, але і здзекуюцца ў турме

Паводле праваабаронцаў, якія прэзентавалі справаздачу «Аб маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання ў Беларусі», звяртаюць увагу на жорсткасць падчас затрыманняў, а таксама адсутнасць нармальнага харчавання ды гігіены ў ізалятарах часовага ўтрымання. Пры гэтым установы адмаўляюцца прымаць перадачы для арыштаваных нават ад родных – што наўпрост супярэчыць закону.

За ўдзел у акцыях пратэстаў супраць эканамічнай палітыкі ўладаў пад арыштам надалей перабываюць дзясяткі асобаў. Агулам жа, у сакавіку, колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, аштрафаваны або арыштаваны, дасягае амаль 250 асобаў.

Юрый Салодкі, «Белсат»