Рэпрэсіі не спыняюцца


Пасля 12 содняў арышту на волю выйшаў баранавіцкі блогер Дзмітрый Цімафееў. Мужчыну затрымалі 9 траўня ў Бабруйску, акурат падчас правядзення антыпараду.

Свой удзел у акцыі, якую зладзілі кіроўцы на заклік іншага блогера, Сяргея Ціханоўскага, Цімафееў адмаўляе.

«Я проста чарговы раз упэўніўся, што дзейнічаюць бандыцкія групоўкі ў сістэме, якія могуць уплываць на людзей, якія не пажаданыя ім», – кажа Дзмітрый Цімафееў.

Сёння пасля 10 дзён арышту на волю выйшаў і актывіст «Моладзевага блоку» Пётр Маркелаў. Аднак паплечнікі не дачакаліся ягонага вызвалення з ізалятару. Анастасія Дарожная, грамадская актывістка:

«Яго, верагодна, адвезлі ў Маскоўскі РАУС. Тым самым паспрабавалі аказаць псіхалагічны ціск, хутчэй за ўсё, на групу падтрымкі і самога Пятра».

Дэталямі затрыманне, якое адбылося яшчэ 6 траўня, напярэдадні падзяліўся і аўтар каналу «Страна для жизни». Сваю ізаляцыю на рашэнне суда Сяргей Ціханоўскі звязаў з выбарамі. Сяргей Ціханоўскі, аўтар youtube-каналу «Страна для жизни»:

«Дыктатар прыняў рашэнне, што выпусцім. 30 содняў мне яшчэ прызначылі новых, і ў любы момант, калі будуць хваляванні, зноў зачынім. То бок нічога не змяняецца, улады паслядоўна гэта робяць і са мной, і з іншымі блогерамі і актывістамі».

А вось так днямі адбывалася затрыманне кандыдатаў пратэсту з каманды Міколы Статкевіча ў будынку Вярхоўнага Суда. Міліцыі не спадабаліся кашулькі, у якіх актывісты прыйшлі на паседжанне, каб абскардзіць рашэнне ЦВК аб нерэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў. Пасля затрымання кандыдатаў пратэсту чатыры гадзіны трымалі на холадзе і не давалі вады. Тамара Патоцкая, кандыдатка пратэсту:

«Калі прывезлі ў міліцыю, са мной пачалі жорстка абыходзіцца. Таму што я не аддавала свайго тэлефона, бо хацела патэлефанаваць сваім дзецям і мужу, паведаміць, дзе я знаходжуся. Калі зноў пачулі званок, пачалі мяне біць па нырках».

Усяго, паводле праваабаронцаў, праз суды і затрыманні за ўдзел у сустрэчах з блогерам Ціханоўскім і акцыях кармлення галубоў, пачынаючы з 6 траўня, прайшлі каля 140 чалавек. Пераслед няўгодных не спыняўся і сёння: гэтак, штраф 810 рублёў паводле рашэння маладзечанскай суддзі Вікторыі Паляшчук мусіць сплаціць Павел Пяскоў. А Аляксея Вайцяховіча тая ж суддзя пакарала сямю соднямі арышту. 15 дзён за кратамі паводле рашэння суда ў Гомлі правядзе і Дзмітрый Лукомскі, а ў Слуцку дадатковыя 10 содняў зняволення атрымаў Уладзімір Няронскі.

Віталь Бабін, «Белсат»