Рэпрэсіі 2020: смерці, зняволенні, катаванні


Сёння штраф 540 рублёў за ўдзел у пратэсце 19 чэрвеня спрабавала абскардзіць Ірына Траццякова з Віцебску. На фота і відэа ў матэрыялах справы была не яна, а іншая жанчына. Ірына тым часам была назіральніцаю падчас выбарчае кампаніі.

«Тэрміны былі прыпыненыя, адміністратыўная вытворчасць была прыпыненая ў сувязі з маёй хваробай. І ў матэрыялах справы ёсць пастанаўленне аб прыпыненні. І, адпаведна, пастанаўленне аб узнаўленні адміністратыўнага працэсу. І тэрміны яшчэ не выйшлі», – растлумачвае Ірына Траццякова.

Таму Ірына будзе абскарджваць спыненне судовага працэсу.

На 4 гады пазбаўлення волі і тры тысячы рублёў штрафу на карысць нібы пацярпелых амапаўцаў асудзілі сёння менчука Глеба Гатоўку адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Тры з іх датычаць пратэсту чатырнаццатага ліпеня пасля рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцтва. Адзін – ухілення ад прызыву ў войска.

Гэта новы метад рэпрэсіяў – крымінальны пераслед. З пачатку прэзідэнцкае кампаніі распачалІ больш за дзевяцьсот крымінальных справаў супраць пратэстоўцаў. Апошні месяц крымінальныя судовыя паседжанні адбываліся штодня. Па факце ж катаванняў і збіццяў з боку сілавікоў няма ніводнае справы.

А сёння крымінальную справу за публічную абразу пракурора распачалі адносна актывіста Уладзіміра Няпомняшчых. Адзін з крымінальных прысудаў на паседжанні мужчына пракаментаваў словамі «арганізаваная злачынная група». Актывіст змешчаны ў СІЗА Гомлю.

Да таго ж за кратамі Новы год сустрэнуць 169 палітвязняў.

А таксама тыя, хто адседжвае содні адміністратыўнага Арышту – паводле праваабаронцаў, гэта 112 асобаў. З пачатку выбарчае кампаніі за ўдзел у пратэстах затрымалі больш за 30 тысяч чалавек.

Вось што лічаць пра сітуацыю жыхары Менску:

«Хутка прыйдзе гэтаму канец, рана ці позна. Так што няхай трымаюцца».

«Мы ўсе іх падтрымліваем. Дагэтуль людзі і ў такое надвор’е выходзяць і падтрымліваюць іх, пішуць ім лісты. Я б хацела сказаць іх родным і блізкім таксама шчыры дзякуй».

«Тым, хто зараз у няволі і іх семʼям, канечне ж, хочацца пажадаць цярпення, здароўя і ўсяго самага найлепшага»

«Будзем працягваць справу тых людзей, якія зараз не з намі».

«Налета абавязкова ўсё зменіцца, і мы з вамі сустрэнемся на волі».

Перашкаджаюць працаваць і нашым калегам. Цяпер за кратамі Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова і Кацярына Барысевіч, прызнаныя палітвязнямі. Агулам Новы год у зняволенні правядуць 9 журналістаў. За гэты год нашых калегаў затрымлівалі амаль 500 разоў. У дачыненні больш як паўсотні журналістаў ужывалі ґвалт. Амаль 100 калегаў адбылі адміністратыўны арышт, пятнаццаць застаюцца пад крымінальным пераследам.

Сёння выявілася, што карэспандэнту «Першага рэгіёну» Сяргею Гардзіевічу выставілі крымінальнае абвінавачванне за абразу прэзідэнта.

Таксама агучылі абвінавачванне ў бок заснавальніцы прэс-клубу Юліі Слуцкай – ухіленне ад выплаты сум падаткаў у асабліва вялікім памеры. Дырэктару прэс-клубу выставілі абвінавачванне ў саўдзеле ў злачынстве.

«Усё гэта проста зашкальвае з пункту гледжання парушэння правоў чалавека. Але 01:16-01:22 Аптымізм у тым, што людзі пабачылі каштоўнасць правоў чалавека», – лічыць старшыня БХК Алег Гулак.

У сёлетнія святы памятаем і пра загінулых праз ґвалт з боку працаўнікоў міліцыі. Беларускія праваабаронцы паведамляюць пра чатырох: Раман Бандарэнка, Генадзь Шутаў, Аляксандр Віхор і Аляксандр Тарайкоўскі. Штаб Ціханоўскай лічыць загінулымі праз ґвалт міліцыянтаў таксама Канстанціна Шышмакова і Мікіту Крыўцова. Важна адзначыць, што вядома не пра ўсе смерці.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»