Рэпартаж з вуліц Барысаву, да якіх не дабраліся «Дажынкі»


Цэнтрам абласных «Дажынак» сёлета стала барысаўская футбольная арэна, каля якой расставілі і яблыкавыя фігуры, і смажаных парсючкоў, і каўбасныя хаткі – не на продаж, а каб ствараць людзям настрой. Кампазіцыі з сельгаспрадукцыі прыцягваюць шмат увагі наведнікаў і пакрысе ператвараюцца ў асобны від мастацтва. Белсат вырашыў зазірнуць таксама, што хаваецца за фасадам свята. Што мы там пабачылі – глядзіце ў рэпартажы Таццяны Ўласенка, які выйшаў у Аб’ектыве за 12 кастрычніка.

Свята хлебаробчае, а таму пачэснае месца тут займаюць складаныя фігуры з буханак, батонаў і свежаспечаных булачак. Гэта, вядома, – пэўныя страты для прадпрыемства, але, маўляў, чаго ні зробіш для святочнае імпрэзы.

«Барысаў прымае першы раз «Дажынкі» абласныя. Не хочацца ўдарыць тварам у бруд. Таму, якія выдаткі. Нічога. Усё вытрымаем», – кажа генеральны дырэктар «Барысаўхлебпрам» Васіль Дылюк.

Улады Барысава задоўга рыхтаваліся да свята. Тое, што хаваецца за шыкоўным саламяным фасадам, – паедзем пабачым у горадзе.

Адрамантаваныя некаторыя будынкі і ходнікі, вуліца Гагарына атрымала новае пакрыццё і шырыню, паўстала школа, – справаздачацца ўлады райвыканкаму. Але шмат куды і не дабраліся рукі адміністрацыі Барысава. Эксперт у мясцовым самакіраванні Зміцер Бабіцкі звяртае ўвагу на праблемы, якія патрабуюць тэрміновага развязання.

«Некалькі дамоў жывуць без каналізацыі. Мы вядзем гаворку тут пра шматкватэрныя жылыя дамы. Жылы фонд наш, гэтак званыя баракі. Яны ж да гэтага часу існуюць у нас», – кажа эксперт у мясцовым самакіраванні Зміцер Бабіцкі.

Заходзім у двор цэнтру старога гораду і адразу атрымліваем пацверджанне словам эксперта.

«Няма каналізацыі, няма прыбіральні. У нам вельмі шмат маленькіх дзяцей, і ў прыбіральню туды іх не адправіш», – кажа жыхар дому 81 па вуліцы Дзяржынскага.

«Я пісаў і ў Менск, і Качанавай, і адказ быў, што да канца трэцяга кварталу тут зробяць рамонты, – кажа іншы жыхар гэтага ж дому, паказваючы лісты і дакументы. – Нікога тут не было!».

Касметычны рамонт месцамі правялі, але на ўсіх барысаўчан дажынкаўскай шчодрасці не хапіла. Нават смецце не прыбралі з цэнтру.

Сапраўдным нефармальным сімвалам барысаўскіх «Дажынак» стаўся вялізны саламяны павук, які ўскалыхнуў сацыяльныя сеткі. Працаўнікі сельскай гаспадаркі могуць не толькі забяспечыць добрым ураджаем, але і відовішчамі. Бо не хлебам адзіным жыве чалавек.

Таццяна Уласенка belsat.eu