Рэлігіязнаўца: Для Украіны і Канстанцінопалю важна, каб незалежную царкву хутка прызналі


Учорашняе абранне аб‘яднаўчым Саборам трох украінскіх праваслаўных цэркваў мітрапаліта новай памеснай царквы Епіфанія – гэта толькі пачатак шляху ўкраінскага праваслаўя да незалежнасці. Што цяпер мусіць зрабіць Праваслаўная Царква Украіны, каб не толькі афіцыйна, але і на практыцы стаць сапраўднаю і незалежнай?

Праваслаўнай Царкве Украіны, якую абвесцілі адзінаю і памеснаю, трэба цяпер рэальна такою стаць. На сёння ў яе ёсць Статут і найвышэйшы іерарх – абраны Саборам Мітрапаліт Епіфаній.

Руслан Халікоў, рэлігіязнаўца: «Гэта чалавек, які быў намеснікам ці патэнцыйным месцаахоўнікам патрыяршага пасаду ўжо ў патрыярха Філарэта».

Ад гэтага Сабору меншага не чакалі, не здзівіў і фактычны байкот пераважнай часткі ўладыкаў, адданых Маскоўскаму патрыярхату. Кіеў прызнаў Канстанцінопаль царвою-маці і стаў самастойнаю мітраполіяй пасля трох з паловаю стагоддзяў залежнасці ад Масквы. Пасля заканчэння царкоўнай рэформы нашыя паўднёвыя суседзі могуць атрымаць і ўласны патрыярхат. Меркаванні расейцаў наконт гэтага кроку разыходзяцца.

Жыхары Кемерава:

«Калі яны там вырашылі самі – хай адлучаюцца. Не – дык разам былі б. Вера – яна ж адная».

«Мы – адная кроў: украінцы, Расея. Заўсёды былі разам і Царква была наша адзіная».

«Прачытала ў інтэрнэце – усё супраць чамусьці пішуць там. А я не ведаю, я да Царквы… Трэба верыць, каб у галаве быў Бог. А так у царкву не хаджу».

«Да чаго прыводзіць уся нашая палітыка? Цяпер – Расея-Украіна ў якіх адносінах? Тое ж самае будзе і ў Царкве, да гэтага прывядзе – да расколу».

У сваю чаргу Маскоўскі патрыярхат назваў Сабор «некананічным сходам», а яго ўдзельнікаў – раскольнікамі. У гэткім ключы выказваецца і падпарадкаваная Маскве – Беларуская Царква, На думку адмыслоўцаў, РПЦ яшчэ можа перашкодзіць прызнанню незалежнасці Украінскай Царквы.

Руслан Халікоў, рэлігіязнаўца: «Весці кансультацыі з іншымі памеснымі цэрквамі, тымі ж польскай, сербскай, грузінскай, грэцкай, балгарскай, якія патэнцыйна могуць не прызнаць новае царкоўнае фармаванне».

Аднак непрызнанне Праваслаўнай царквы Украіны іншымі не значыць, што яна – утварэнне неафіцыйнае.

Руслан Халікоў, рэлігіязнаўца: «Вядома, што ўкраінскаму боку і напэўна Канстанцінопалю важна, каб максімальна хутка ўсё прызналі».

Падзею можна лічыць і асабістым поспехам кіраўніка Украіны Пятра Парашэнкі, які першым і абвесціў афіцыйна пра аўтакефалію. Асабліва ўлічваючы прэзідэнцкія выбары напрыканцы сакавіка.

Алег Саакян, палітолаг: «Для Пятра Аляксеевіча Царква – адзін з ключавых перадвыбарных слоганаў, і было б наіўна лічыць, што прэзідэнт праігнараваў бы такую гістарычную, значную падзею для ўкраінскага грамадства і не вывесіў яе на свае перадвыбарчыя банеры. З іншага боку ёсць візантыйская традыцыя – пры атрыманні цэрквамі сваёй незалежнасці прадугледжваецца прысутнасць і кіраўніка дзяржавы».

Сусветны патрыярхат прызнаў аб’яднаўчы Сабор законным і афіцыйна запрасіў ачольніка новай царквы ў Стамбул. 6-га студзеня Патрыярх Варфаламей уручыць Мітрапаліту Епіфанію Томас – дазвол аб стварэнні самастойнай Украінскай Царквы.

Ганна Мордань, «Белсат»