Аб'ектыў 06.11.2019 Рэкордны золатавалютны запас Беларусі правальваецца ў фінансавую дзірку


Такога ў гісторыі Беларусі яшчэ не было: золатавалютныя рэзервы ўсталявалі рэкорд. Цяпер у засеках Нацбанку захоўваецца $ 9 млрд 193,8 мільёны ў эквіваленце. Запас кішэні не цягне, але ці паляпшае дабрабыт беларусаў? Ці значыць гэта, што мы сталі багацейшыя?

«Рост золатавалютных рэзерваў хутчэй кажа пра здольнасць краіны пагашаць валютны доўг у кароткатэрміновай перспектыве, і ў выпадку недахопу валюты аплочваць крытычны імпарт. Інакш кажучы, пра рост дабрабыту беларусаў гэта не кажа», – кажа Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Аlpari».

Калі не павялічыліся ні даходы краіны, ні заробкі людзей, то як выраслі золатавалютныя запасы? Паспрыяла гэтаму некалькі фактараў. Нацбанк скупіў валюту, якую актыўна здае насельніцтва. Грашовую плынь забяспечылі таксама нафтадолары ды продаж Міністэрствам фінансаў за валюту аблігацыяў, а таксама рост коштаў у свеце на золата. А гэта значыць, што золата ў Нацбанку насамрэч не паболела, але павышэнне ягонага кошту аўтаматычна павялічыла золатавалютны рэзервы. Ды і продаж дзяржаблігацыяў – гэта не чысты заробак, гэта – доўг.

«Мінфін працягвае актыўна пазычаць дзяржвалюту. Сёлета за няпоўны год на ўнутраным рынку толькі было ўзята $ 800 млн, плюс былі пазыкі на вонкавых рынках, размяшчаліся аблігацыі ў Расеі, былі іншыя крэдыты. Гэтыя грошы таксама могуць ісці ў ЗВР», – тлумачыць Жанна Кулакова, аналітык, праект «Кошт ураду».

Але рэкордна вялікія для нашай краіны золатавалютныя рэзервы не азначаюць, што Нацбанк цяпер можа спакойна спачываць на гэткай падушцы бяспекі. Мінімальны ўзровень міжнародных рэзерваў павінен пакрываць два месяцы імпарту, пры добрым узроўні – тры месяцы. У нас гэты паказнік цяпер мае памер двух з паловаю месяцаў імпарту: інакш кажучы, паміж крытычным узроўнем і добрым.

Як зазначае Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Аlpari»:

«Ёсць яшчэ адна ацэнка ЗВР – гэта тры месяцы імпарту плюс кароткатэрміновы доўг. Маюцца на ўвазе выплаты і абслугоўванне вонкавай пазыкі цягам бліжэйшага года. З гэтага пункту гледжання нам добра было б мець $ 14–15 млрд».

А яшчэ лепш – $ 16,5 млрд, бо столькі складае цяпер вонкавы доўг нашай краіны. А гэта значыць, што пры рэкордных золатавалютных рэзервах мы ўсё адно ў фінансавым мінусе. Налета гэты мінус яшчэ павялічыцца, дададуцца страты ад спынення перамытнення расейскай нафты, адзначае Жанна Кулакова, аналітык, праект «Кошт ураду»:

«Гэтыя валютныя паступленні, якія ішлі ад экспарту і гэтых экспартных мытаў і перамытнення нафты, – фармальна гэта бюджэтныя паступленні, але фактычна гэта паступленні ў валюце, і яны маглі залічвацца ў золатавалютныя рэзервы. І таму тое, што тычыцца сітуацыі з Расеяй, – гэта будзе ўдарам і па золатавалютных рэзервах у тым ліку».

Гэтыя недапаступленні валюты, а таксама выдаткі на аплату пазыкаў ды ваганні сусветных коштаў на золата не дазваляюць Нацбанку быць шчодрым на прагнозы: галоўная фінансавая ўстанова краіны закладае, што налета золтавалютныя рэзервы складуць $ 7 млрд.

Вольга Старасціна belsat.eu

Фота: Toru Hanai / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары