Рэкорднае дасягненне Аляксандры Сасновіч на «Australian open 2018»


Тэніс

Аляксандра Сасновіч – у трэцім коле Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, і гэта ейнае рэкорднае дасягненне на турнірах серыі «Вялікага шлема». У 1/32-ой фіналу беларуска ўпэўнена ўсяго за 56 хвілінаў разабралася з харваткаю Мір’янаю Лучыч-Бароні 6:3, 6:1. У 1/16-ай суперніцаю Сасновіч будзе восьмая ў рэйтынгу ВТА францужанка Каралін Гарсія.

Біятлон

Менш за тры секунды забракавала Дар’і Домрачавай, каб узняцца на п’едэстал у спрынтарскай гонцы на шостым этапе Кубка свету па біятлоне, які сёння распачаўся ў італьянскім Антгольцы

Хакей

Пасля заваявання Кантынентальнага кубка ўжо ў нашай хакейнай Экстралізе менскае «Юнацтва» саступае 1:2 салігорскаму «Шахцёру», свайму наўпроставаму канкурэнту за залатыя медалі айчыннага чэмпіянату.

Баскетбол

Менскія «Цмокі» зазнаюць трэцюю паразу запар у асноўным раўндзе гульняў Кубка Еўропы ФІБА. На выездзе ў трэцім туры мы саступілі чарнагорскаму «Морнару» 76:83. Яшчэ ў адным матчы нашай групы дацкі «Бакен Бэрз» перамог вугорскі «Сольнакі» 100:96. У турнірнай табліцы квартэту «Цмокі» на апошнім радку. А сёння сталася вядома, што ў стан менскага клубу вярнуўся амерыканскі абаронца Джастын Грэй, які падпісаў кантракт да канца сёлетняга сезону.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», Vasily Fedosenko / Reuters / Forum