Рэкорд у затрыманні журналістаў: гэтак улада крадзе «карцінку»


Сілавікі, якім загадалі збіваць і затрымліваць, не надта хочуць, каб жорсткія кадры траплялі ў медыі і разляталіся па свеце. Учора праз пастарункі прайшлі 40 журналістаў, якіх «бралі» мэтанакіравана і не спяшаюцца вызваляць. Пад час маршу пенсіянераў таксама хапалі супрацоўнікаў медыяў. За кратамі на гэты момант чацвёра супрацоўнікаў «Белсату», дваіх сёння судзілі, а Змітра Лупача – цяпер утрымліваюць у міліцыі.

Суд Магілёўскага раёну пакараў журналіста «Белсату» Аляксандра Сідарэўскага 15 соднямі арышту.

«Міліцыянты і суд вінавацілі мяне ў тым, што я нібыта ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве. Там я знаходзіўся ў якасці журналіста, які выконвае свае прафесійныя абавязкі. Я быў у манішцы ПРЭСА», – сказаў журналіст.

Раней за краты трапіла нашая журналістка Ларыса Шчыракова з Гомля і стажыстка Алена Доўнар, якой сёння прысудзілі 15 содняў. А ўчора затрымалі Змітра Міцкевіча з Менску, Славу Лазарава і Змітра Казакевіча – з Віцебску, Мілану Харытонаву – з Берасця. Агулам жа 40 журналістаў учора вывезлі з акцыяў пратэсту. І прынамсі дзевяць сёння на момант публікацыі.

Старшыня «беларускай асацыяцыі журналістаў» Андрэй Бастунец не суцешыў:

«Ужо ў Менску пачаўся трэнд акрэдытацыя на масавае «мерапрыемства», што ўвогуле супярэчыць усім міжнародным стандартам і Канстытуцыі Беларусі і міжнародным дакументам, якія Беларусь ратыфікавала».

Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб і асацыяцыя «Аб’яднаныя масмедыя» апублікавалі сумесную заяву, у якой заклікалі спыніць ціск на медыі.

«Узгадалі затрыманні журналістаў, якіх у гэтым годзе значна больш. Я мяркую, што іх сёлета больш чым за апошнія 10 гадоў разам узятыя», – ацаніў старшыня БАЖ.

Уседазволенасць і жорсткасць – з боку невядомых у чорным. А тых, хто мае права гэта здымаць і паказваць – судзяць! Раней – як удзельнікаў пратэстаў, але цяпер – ужываюць і іншы артыкул – «непадпарадкаванне міліцыі». Выданне «Камсамольская праўда» апытала журналістаў уначы ля пастарунку. Аляксей Носаў з рэдакцыі onliner.by зачытаў пратакол:

«На неаднаразовыя просьбы пакінуць пэўнае месца, неабходнае для забеспячэння грамадскага парадку, а таксама асабістай бяспекі грамадзянаў, адказаў катэгарычнаю адмовай».

Ягоны калега Аляксандр Ружачка працягваў чытаць са свайго пратаколу:

«…Аказаў непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы… Зразумела, што ўсяго гэтага не было».

Пратаколы не сапраўдныя, але праведзеныя ў бетонных камерах ночы і шматсоценныя штрафы – рэальныя. Літаральна некалькі гадзінаў таму на волю выйшлі журналісты Ларыса Шчыракова і Зміцер Міцкевіч. Абодва – з фінансавым пакараннем.

«Відавочна, што ў тым месцы, куды я прыехаў, мяне ўжо чакалі. Звярнуліся да мяне з імем па бацьку, папрасілі прайсці з імі ў гэтак далей», – сказаў Міцкевіч.

Выконваць працу ўсе названыя асобы збіраюцца і надалей. Здымаць «сваё», хоць ужо без лога на мікрафоне, прыходзяць на акцыі і журналісты рэпрэсіўнага рэжыму. Учора пратэстоўцы ганьбілі іх цэлым натоўпам:

«Сметнік! Ня ведаюць што зняць, не могуць знайсці правакатара! Тупыя! З абмежаваным мысленнем!», – скандавалі беларусы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»