Рэха Карабаху ў Менску


Армянскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што Турцыя перакідвае баевікоў з паўночнай Сірыі свайму саюзніку – Азербайджану. Гэтую інфармацыю журналістам агенцтва Ройтэрс пацвердзілі сірыйскія паўстанцы на ўмовах ананімнасці. Ці будуць расейцы афіцыйна ваяваць за Карабах, і ці не ўцягнуць нас у гэты канфлікт?

Турцыя гатовая «пакласці канец» карабахскаму канфлікту і падтрымаць Азербайджан «любымі сродкамі» – заявіў прэзідэнт Турцыі.

«Рэгіён зноў стане мірным і спакойным пасля вызвалення ўсіх азербайджанскіх тэрыторыяў, захопленых Арменіяй. Усе іншыя захады і прапановы будуць не проста несправядлівымі, яны будуць патаканнем Арменіі», – заявіў Рэджэп Таіп Эрдаган.

Баі з удзелам танкаў і артылерыі ідуць у Нагорным Карабаху ўжо два дні. Арменія абʼявіла ваеннае становішча. У армію прызываюць мужчынаў ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў. Ваеннае становішча ўвёў і Азербайджан. Еўрапейскі звяз традыцыйна занепакоены.

«Эскалацыя ў Нагорным Карабаху нясе сурʼёзныя наступствы для стабільнасці ўсяго рэгіёну. Таму Еўразвяз заклікае абодва бакі ўстрымацца ад гвалту», – паведаміў прэс-сакратар еўрапейскай дыпламатычнай службы Пэтэр Стана.

«Не абвастраць сітуацыю» Баку і Ерэван заклікае і Масква. Разам з Арменіяй і нашай краінай Расея ўваходзіць у ваенны саюз – Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы. Ці падтрымае Крэмль адкрыта свайго хаўрусніка, як гэта зрабіла Турцыя?

«Арменія ўваходзіць у АДКБ. Аднак тэрыторыя гэтай дзяржавы не была атакаваная. Вайна ідзе паміж сіламі непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі і Азербайджану», – тлумачыць палітолаг з Варшаўскага ўніверсітэту Конрад Заштаўт.

Ерэван, які падтрымлівае непрызнаную рэспубліку, дапамогі ў АДКБ прасіць пакуль не збіраецца. Чальцом арганізацыі ёсць і Менск, аднак яго інтарэсы ляжаць на іншым баку. У Азербайджану ён купляе нафту, а прадае яму зброю. Перадусім сродкі радыёэлектроннай барацьбы і рэактыўныя сістэмы «Паланэз». Ці перарве вайна ў Карабаху супрацу Лукашэнкі і Аліева?

«Я не думаю, што гэтыя адносіны паміж лідарамі дзвюх краінаў будуць прынесеныя ў ахвяру нейкаму канфлікту, у якім бярэ ўдзел чалец аморфнай арганізацыі АДКБ», – прагназуе вайсковы эксперт Леанід Спаткай.

Канфлікт у Карабаху – населенай армянамі аўтаноміі на тэрыторыі савецкага Азербайджану – распачаўся больш за 30 гадоў таму. У кровапралітнай вайне, якая доўжылася з 1990 да 1994 года, перамаглі армяне. Карабахскія армяне абвесцілі незалежнасць ад Баку, пры падтрыманні Ерэвану ўзялі пад кантроль аўтаномію і занялі 7 прылеглых раёнаў, раней населеных пераважна азербайджанцамі. Урэгуляваннем канфлікту паміж Ерэванам, Сцепанакертам і Баку займаецца Менская група АБСЕ.

Беларусь – адна з 11 удзельнікаў гэтай перамоўнай групы. 28 гадоў яе працы да трывалага міру не прывялі. Карабахскі канфлікт, як некалі канфлікт у Данбасе, Менск выкарыстае, каб выйсці з міжнароднай ізаляцыі – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

«МЗС зробіць усё магчымае, каб максімальна паўдзельнічаць і рэанімаваць Менскую групу АБСЕ. Гэта сапраўды для беларускай дыпламатыі вельмі рэдкі шанец рэабілітавацца», – лічыць экспертка.

Новы канфлікт дае шанец рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пазбегчы вострай міжнароднай крытыкі – мяркуе палітолаг Вольга Харламава. Грукат гарматаў у Нагорным Карабаху на некаторы час можа адцягнуць увагу Захаду ад Менску.

Аляксандр Папко, «Белсат»