Рэферэндум, што змяніў Беларусь


Дзяржаўны пераварот, антыканстытуцыйны захоп улады ці чарговы крок да стабільнай будучыні? 22 гады таму ў Беларусі адбыўся лёсавызначальны рэферэндум, які цалкам змяніў палітычны лад нашай краіны. Як гэта было?

Рэферэндум, які 24 лістапада 96-га меўся паставіць кропку ў спрэчках паміж прэзідэнтам і тагачасным парламентам. Чатыры пытанні зыніцыяваў Лукашэнка, тры – Вярхоўны Савет. Ніводнай з прапановаў парламенту людзі нібыта не падтрымалі, затое «прыслухаліся» да лукашэнкаўскіх – ухвалілі ягоныя папраўкі ў Канстытуцыю ды змянілі дату Дня незалежнасці.

«Той рэферэндум праводзіўся з велізарнымі парушэннямі, датэрміновае галасаванне пачалося яшчэ да таго, як былі агучаныя гэтыя папраўкі ў Канстытуцыю. То бок людзі галасавалі невядома за што, а, значыць, гэты рэферэндум цалкам нелегітымны», – кажа Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг.

Абуранага хадою рэферэндуму старшыню Выбарчай камісіі Віктара Ганчара Лукашэнка папросту вызваліў ад пасады.

Ягонае крэсла заняла Лідзія Ярмошына, а сам палітык праз тры гады бясследна знік разам з іншымі апанентамі гэтага рэжыму. Уся ўлада ў краіне канчаткова замацавалася ў руках аднаго чалавека.

Аднак гэтага можна было пазбегнуць, калі б Вярхоўны Савет не пабаяўся выкарыстаць тады вулічны патэнцыял, кажа Уладзімір Мацкевіч.

«Памылка была ў тым, што людзей, якія стаялі тады на плошчы, не ўвялі ў будынак Вярхоўнага Савету. Трэба было гэта рабіць – спалучаць парламенцкую апазіцыю з народным пратэстам. І гэта магло б быць першым Майданам», – лічыць Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг.

Магло б, але сёння можна разважаць хіба што толькі пра вынікі тых зменаў.

«Калі памянялі канстытуцыю – шмат чаго змянілася, але лепш не стала, па-мойму».

«Канстытуцыі няма, ёсць толькі ўказы велічэзныя, і ўсё».

«Тое, што памянялі канстытуцыю, на мой погляд, дрэнна. Бо прэзідэнты павінныя мяняцца».

А вось улады лістапад 96-га памятаюць. Згодна з легендаю, той рэферэндум стаўся моцным штуршком у развязанні задачаў стварэння, цытата, «эканамічна стабільнай, сацыяльна арыентаванай ды прававой дзяржавы».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»