Рэферэндум аб неабмежаваных прэзідэнцкіх тэрмінах: як гэта адбылося 15 гадоў таму?


15 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка запэўніў сабе права на неабмежаваную колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў. Наступствы ягонага трыумфу мы бачым дасюль. Тады быў адкінуты дэмакратычны прынцып зменнасці ўлады, а апазіцыя, нягледзячы на непапулярнасць прапановы афіцыйнага лідара, пацярпела поўную паразу.

Рэферэндум прызначылі ў разгар выбарчай кампаніі ў парламент. За 40 дзён перад галасаваннем дэмакратычныя партыі пастанавілі выкарыстаць выбарчую кампанію, каб давесці выбарнікам, што прапанова кіраўніка краіны прывядзе да ўзурпацыі ўлады. Мікола Статкевіч, «Народная грамада»:

«Безумоўна, дзве апазіцыйныя кааліцыі: «Пяцёрка Плюс» і «Еўрапейская кааліцыя», у якую ўваходзіла «Народная грамада», унеслі карэктывы. Была агітацыя супраць рэферэндуму. Еўрапейская кааліцыя абвесціла акцыю пратэсту на наступны дзень пасля рэферэндуму».

Даследаванні сацыёлагаў НІСЭПІ і ГЭЛАП паказвалі, што прапанова Лукашэнкі не мае рашучага падтрымання грамадзянаў. У чэрвеньскім апытанні 2004 года больш за палову рэспандэнтаў выступалі супраць або хутчэй супраць таго, каб кіраўнік краіны змог абірацца надалей.

На думку эксперта, прыхільнікаў кіраўніка краіны большала, бо грамадзяне адчувалі рост дабрабыту ў краіне. Палітолаг Валер Карбалевіч:

«2004 год – гэта год, калі павысіліся сусветныя цэны на нафту, калі Беларусь пачала атрымліваць шалёныя нафтадолары. І паступова, за кошт гэтых долараў, рос узровень жыцця. Эканоміка ішла на пад’ём».

Пры гэтым улада максімальна задзеяла падкантрольныя ёй сродкі прапаганды. Палітолаг Валер Карбалевіч:

«Дзяржаўныя медыі дамінавалі ў інфармацыйнай прасторы. Інтэрнэт яшчэ не быў тады такі масавы, і ўплыў яго не быў такі вялікі, як сёння. Таму зразумела, што апазіцыя мела значна менш магчымасцяў для свайго ўплыву на грамадства. Умовы былі, зразумела, няроўныя».

Сёння апытаныя намі менчукі хутчэй выступаюць за абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх кадэнцыяў:

«Цудоўна вядома. Хоць бы 2 максімум тэрміны. Гэтага было б цалкам дастаткова».

«Максімум два. А таму што няма чаго лухтой займацца».

«Мне падаецца, свежая кроў патрэбная ў любой справе. Гэта я вам кажу як настаўнік. Я адчуваю, калі прыходзіць новае пакаленне і наступае на пяткі, я пачынаю працаваць лепей».

«Я хачу сказаць, я прызвычаіўся да «бацькі», вось і ўсё».

Незалежныя сацыёлагі тады лічылі, што для прыняцця правіла неабмежаванай колькасці тэрмінаў, спатрэбілася б больш за тры з паловаю мільёны галасоў. Па выніках аналізу, не ставала каля паўмільёна. Тым не менш ЦВК абвесціла поўную перамогу кіраўніка краіны: за ўнясенне правак у Канстытуцыю паводле афіцыйных звестак прагаласавала 79 % выбарнікаў.

«Тады ўлады ўпершыню выкарыстоўвалі татальны загон, што ўжо стала традыцыяй, бюджэтнікаў, студэнтаў на выбарчыя ўчасткі падчас датэрміновага галасавання. Менавіта тады датэрміновае галасаванне стала такое таксічнае, як мы бачым цяпер… былі прымусы, і фальсіфікацыі і ўкід бюлетэняў», – кажа Уладзімір Лабковіч, ПЦ «Вясна».

На наступны дзень пасля абвешчання вынікаў выбараў і рэферэндуму на Кастрычніцкую плошчу выйшла каля 5 тысячаў чалавек. Пратэсты супраць вынікаў выбараў і рэферэндуму працягваліся да канца кастрычніка. Улады вывелі на вуліцы АМАП, а пасля спаду пратэставага руху натхняльнікі пратэстоўцаў Мікола Статкевіч і Павел Севярынец былі асуджаныя на абмежаванне волі. А мы 25 гадоў жывем ва ўмовах нязменнасці ўлады.

Арцём Лява belsat.eu